Галушка Анатоль Мікалаевіч нарадзіўся 20 лютага 1963 года ў вёсцы Магіліцы Івацэвіцкага раёна.
Памёр 12 снежня 2023 года.
У 17-гадовым узросце атрымаў першую групу інваліднасці. Пералом пазваночніка дактары канстатавалі як несумяшчальны з жыццём. Але ён выжыў. Больш за тое, стаў знакамітасцю Беларусі. У першую чаргу, як вельмі мужны чалавек і вялікі жыццялюб, як мастак (піша палотны, трымаючы пэндзлік у зубах, прычым, лежачы ў ложку, удзельнічае ў прэстыжных мастацкіх выставах), і не ў меншай ступені як пісьменнік – аўтар шматлікіх празаічных твораў, зборнікаў паэзіі «Сляды на пяску» (2012 г.), «Яблычны спас» (2016 г.). Герой дакументальнай кінастужкі «Крокі над вадой» («Беларусьфільм»), член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Лёс На лёс крыўдаваць не варта, Час па месцах усё раскладзе. Будзе месца для смеху і жартаў, Будзе месца нястачы, бядзе. Не бывае, каб мякка і гладка, Як па маслу не будзе заўжды. Сёння з пылу і жару аладка – Заўтра шклянка сырой вады. Сёння песні і скокі да ранку, Ад гармоніка хата гудзе. А назаўтра пастукае ў брамку І з касою «яна» прыйдзе. Каму – шчасціць, каму – нядоля, Каму – кропля, каму – цераз край. Каго кліча пагоня і воля, А каму і балота – рай. Каму колькі ні дай – а ўсё мала. І ўсё ёсць, ды не ў радасць даўно. Нехта ж рады, што сонца заззяла І вада з ручая, што віно. Кожны сам сваю творыць дарогу. Не кажыце, што лёс не змяніць. Маем выбар. І дзякуем Богу За вялікую радасць жыць.
Ведае палын Сярод кветак сівы, знямелы, Нерухомы застыў палын. І здалося, што ў свеце цэлым Ён застаўся такі адзін. Ён адзін пад купалам неба Дажывае свой шэры век. Міма ж кветак прыгожых, белых Не прайшоў мінак-чалавек. Вабіць вочы іх яркі колер. Захапляе прыемны пах, Што лунае над кветкавым полем, Нібы той легкакрылы птах. А палын? Каму ён вабны... Не прыгожы з яго букет. Сярод поля стаіць, нязгрэбны І маўкліва глядзіць у сусвет. Кветкі вераць у вечнае лета. Толькі ведае горкі палын: Перамеле і тых і гэтых Неспатольнага часу млын.
Вяртанне Глынала ноч дамоў агні, Апошні змоўк сабачы брэх. І толькі поўня з вышыні Халодны бляск ліла на снег. Як здань ў начы, сярод зімы Стаяў самотны чалавек . І ў чорны свет глухі, нямы Глядзеў з-пад з’інелых павек. Нямала пройдзена дарог. Пражытых дзён цяжкі ўжо мех. Ды дзе б не быў, забыць не змог Зямлю бацькоў, І гэты снег. І гэты луг, дзе пад вярбою З дыравай стрэхай, без вакон, Прыбіты снегам і журбою Старэнькі хутар быў відзён. Аб чым маўчаў пад гэтым небам? А можа ўспомнілася тут, Як пахла ў хаце цёплым хлебам. Жыццё, без гора і пакут. Бо ў той хацінцы, хоць і цеснай, (Чаго цяпер сабе маніць?), Жыла любоў, быў рай нябесны. А зараз цемра аж звініць. Табе прынёс, зямля, пашану. К табе вярнуўся блудны сын. Гаіць душы глухія раны Блакітам зор і азярын. Каб у сваёй, як пух зямельцы, Ля родных хвояў і імён, Як прыйдзе час, навечна легчы – Каб быў той луг, дзе рос, відзён.
Здаецца Здаецца, Я ведаю цябе век. Той век, Што помню сябе самога. Азярынкі вачэй, З берагамі пушыстых павек. І позірк, Цёплы такі, Не строгі. Мне мроіцца: помню Пяшчоту, лагоду і смак, Вуснаў тваіх, Сасмяглых ад сонечных промняў. На падбародку Радзімкі ледзь бачны знак. А колькі яшчэ, Чаго не было – А помню… І голас. – Я ж чуў яго, Ведаю, Чуў. Такі ён знаёмы, ЛаскАвы і родны да болю. Каб толькі крануцца – Паловай жыцця заплачу. І другую аддам, Каб яшчэ раз Сустрэцца з табою.
Памяць Як зыду ў нябыт і калі назаўсёды пакіну І гэту зямлю і неба празрысты блакіт. Каму я астаўлю так любыя сэрцу мясціны, Імклівую Шчару ў засені гнуткіх ракіт. Прыйду да ракі з маленства знаёмай сцяжынай, На мяккі дыван густое травы ўпаду. – Хто пакаштуе з тваіх берагоў ажыны? – Ці ўспомніш мяне, калі я аднойчы зыду? Калі я пайду нябачнаю зорнай дарогай, Наведаю лес, дзе папараць-кветку знайду. Аб чым папрасіць? Якога багацця зямнога? Хай помняць мяне, як раптам да зорак пайду. Схілю галаву ля ціхай, самотнай бярозы. Хай буде світанак ружова-барвовым цвісці. Як стане вясна – пацякуць твае чыстыя слёзы: Запомні мяне, калі давядзецца пайсці. Жыццё, як вада, сцячэ, між далоняў пральецца, Зруйнуе ў пыл і дубоў векавые камлі; Не згаснуць у цемры, няхай успамін застанецца… Жыве чалавек, пакуль помняць яго на зямлі.
Литература:
- Галушка, А. М. Сляды на пяску : вершы, эсэ / Анатоль Галушка. – Брэст : Альтернатива, 2012. – 67 с.
- Галушка, А. М. Яблычны Спас : вершы, эсэ, замалёўкі / Анатоль Галушка. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2016. – 151 с.
- Галушка, А. М. Мае берагі ; Кожнаму сваё ; Голас у начы : [вершы] / Анатоль Галушка // Літаратура і мастацтва. – 2020. – 17 красавіка (№ 15). – С. 13.
- Галушка, А. М. Зямля бацькоў ; «Бываць дні, калі…» : [вершы] / Анатоль Галушка // Заря. – 2020. – 4 января (№ 1–2). – С. 36.
- Галушка, А. М. Снегапад ; Натхненне : [вершы] / Анатоль Галушка // Заря. – 2019. – 16 февраля. – (№ 14). – С. 17.
- Галушка, А. М. «Вандруюць хмары кучавыя…» ; Даруй мне, Божа : [вершы] / Анатоль Галушка // Заря. – 2018. – 10 ноября. – (№ 111). – С. 15.
- Галушка, А. М. «Я думаў, ты – верасень чысты…» ; «Я хацеў параўнаць цябе з ветрам…» : [вершы] / Анатоль Галушка // Заря. – 2018. – 24 мая . – (№ 57). – С. 19.
- Галушка, А. М. Падман зроку ; Замяло ; Кругаварот : [вершы] / Анатоль Галушка // Заря. – 2018. – 22 февраля. – (№ 22). – С. 18.
- Галушка, А. М. Напаўторна : [верш] / Анатоль Галушка // Заря. – 2018. – 6 января. – (№ 2). – С. 13.
- Галушка, А. М. За вёскай ; Жнівеньскі ранак ; Век за вяком : [вершы] / Анатоль Галушка // Заря. – 2017. – 20 июля. – (№ 80). – С. 18.
- Галушка, А. М. Не рвіце кветак ; Яблычны спас ; Сіняя плынь ; Зямля пад сонцам : [вершы] / Анатоль Галушка // Заря. – 2012. – 21верасня.