Дэбіш Васіль нарадзіўся 22 ліпеня 1962 года ў вёсцы Шамятоўка Свіслачскага раёна Гродзенскай вобласці. Жыў у вёсцы Андрэявічы, Гнезнаўскага сельскага Савета.
У 1979 годзе скончыў Мсцібаўскую сярэднюю школу. Служыў у войску. Закончыў Мінскі інстытут культуры. Зараз жыве і працуе ў Брэсце. З 1993 года член «Саюза пісьменнікаў Беларусі».
Друкаваўся ў часопісах «Маладосць», «Беларусь», «Дзеяслоў», «Полымя», «Верасень» «Жырандоля», «Тэрмапілы», калектыўных зборніках «Дзень паэзіі», «Дзядзінец», «Берасцейскія карані», тыднёвіку «Літаратура і мастацтва», «Новы час», іншых выданнях.
Аўтар зборнікаў вершаў «Белыя птахі» (1993), «Лісты да Марыі» (1996), «Праз дождж» (2012), «Чуйнар» (2015), «Шамятоўка» (2019), кніг для дзяцей, напісаных сумесна з братам Анатолем, «Пушчанскія дзівы», «Белабог» (2018). Член ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў». Кніга братоў Васіля і Анатоля Дэбішаў «Пушчанскія дзівы» – лаўрэат лтаратурнай прэміі імя У. Калесніка Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта ў намінацыі «Дзіцячая літаратура» (2019).
Золак Чапурыцца ўсквітнелы ранак. Прытуліў да шыбы голле бэз. Цёхкаюць салоўкі апантана, 1х харал сягае да нябес. Сонейка ўсміхаецца зычліва. Гойсаюць па залацістым шкле Прамяні гарэзліва, імкліва. Прыварак духмяны на стале. Шліхтам у місе складзены прысмакі: Вафлі, абаранкі і ўрук. Шчасна завіхляў хвастом сабака. Скігатнуў у хляўчуку япрук. Між высокіх траў прачнуўся мятлік. Узляцеў на кветку, як на трон, Золак. Маці цэдзіць далікатна Сонейка праз сіта дня ў вядро.
Зіма Ранак. Раскошысты снегу паркаль. Ярыцца звабнай красой наваколле. Шэлях датклівы, душы мілажаль, Сэрца няўтрымна нямоцячы, воліць. Нібы цыркоўны таемны факір, Вабіць дзівосамі мройна, гулліва. Выпархнуў з гусцежы белай вяхір, Згадкай крыляе над лесам маўклівым. Вусціш такая, што неба чутно. Нерушы боскай гучыць арыёза. Снежным аздобіла замяць радном Пожні, дарогі , кусты і бярозы. Любасна сэрцу. Жаль, скрыдлаў няма: У неба ўзняўся б, услед за вяхірам. Дзе ні зірні, раскашуе зіма Жэмчугу сыпле крупіначкі шчыра.
Агмень Я з болем быў сваім сам-насам, Між гарадскога тлуму жыў: Без гэтых дрэў, без гэтых красак, Якія змалку палюбіў. Я выйшаў з цеснага пакоя Пад неба, воля дзе жыве. Цячэ туман густой ракою, I птах купаецца ў траве. Дзе ціхаштыннай рэчкі плёсы Пьюць самасць з келіха нябёс. Дзе хлапчуком гарэзным босым Збіваў нагамі бомы рос.
Душа За поўнач. А душа не спіць. Вядзе з нябёсамі гамонку. Імгненне – і яна ляціць, Парвала цела абалонку. Крычу: «Вярніся!» Не ўтрымаць. Яе палоніць свет дзівосны. Яна мяне не хоча знаць. Ей краты цела невыносны. Яшчэ ёй невядомы страх, – Страх вышыні і адзіноты. Усё магутней крылля ўзмах І ўсё мацней жаданне лёту.
Лявону Валасюку Цвік паржавелы. Рамачка. Пейзаж. Буг. Востраў. Лодка на адной назе Люструецца ў вадзе, якая нас На мыс высокіх дум перавязе. Віры бурляць. Сыпучы схіл наўсцяж. Вунь насып асыпаецца, зірні. Нібы пясчынкі, паглынае нас Зямля… І вырастаюць камяні.
Литература :
- Дэбіш, А. І. Калядная вячэра ; Белыя птахі : [вершы]. – Мінск : Беларускі дом друку, 1992. – 48 с. – (Бібліятэчка часопіса «Маладосць»)
- Дэбіш, В. Лісты да Марыі : [вершы] / Васіль Дэбіш. – Мінск, 1996. – 118 с. (Першая кніга паэта).
- Дэбіш, В. Каханне з чыстымі вычыма : [вершы] / Васіль Дэбіш. – Брэст, 2002. – 41 с.
- Дебиш, В. Праз дождж : вершы / Васіль Дэбіш. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2012. – 175 с.
- Дэбіш, В. Чуйнар : вершы / Васіль Дэбіш. – Мінск : Кнігазбор, 2015. – 223 с. – (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка» ; вып. 58).
- Дэбіш, В. Белабог : (з беларускай міфалогіі) : вершы / Анатоль Дэбіш, Васіль Дэбіш. – Брэст : Брэстская друкарня, 2018. – 63 с.
- Дэбіш, В. Шамятоўка : паэма / Васіль Дэбіш. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2019. – 126 с.
- Дэбіш, В. І. Межавыя знакі Алеся Каско / Васіль Дэбіш // Жырандоля : літаратурны альманах. № 10. – Мінск : Кнігазбор, 2018. – С. 205–210.
- Дэбіш, В. І. «Дождж ідзе ды ідзе – наганяе тугу …» ; «Дзень стамлёны у зорнай прапаў завірусе …»; Госць ; Халадзільнік : [вершы; біяграфічныя звесткі] / Васіль Дэбіш // Жырандоля : літаратурны альманах. № 8. – Мінск : Кнігазбор, 2016. – С. 10–11.
- Дэбіш, В. І. Тры дні на радзіме паэта : штрыхі да творчага партрэта Алеся Каско / Васіль Дэбіш // Дзеяслоў. – 2016. – № 6. – С. 277–288.
- Дэбіш, В. І. «У замку старажытным Гедыміна …» ; «Даўно не гаварылі на змярканні …»; «Адны застанемся з табой …» ; Госця; «А помніш, якой ты адчайнай была …» ; «Восень. Холадна і скрушна …» ; «Чакаў я снегу як калісь даўно …» : [вершы; біяграфічныя звесткі] / Васіль Дэбіш // Жырандоля : літаратурны альманах. № 6. – Мінск : Кнігазбор, 2015. – С. 13–16.
- Дэбіш, В. І. Показкі дзеда Быльца : [вершы; казкі] / Васіль Дэбіш // Жырандоля : літаратурны альманах. № 5. – Мінск : Кнігазбор, 2013 – С. 189–191.
- Дэбіш, В. Будзь. Свечка ; «На мяне назіраешь ты позіркам мілым …» ; «Зімовы вечар, развітання час …» : [вершы] / Васіль Дэбіш // Жырандоля – 4 : літаратурны альманах Брэсцкага абласного аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў. – Мінск : Кнігазбор, 2012. – С. 58–59.
- Дебиш, В. Светлячки. «Опадает жёлтая листва …» ; «А в сентябре – родимом нашем верасні …» ; «Не надо слов. Ты знаешь всё сама …» : [стихи] / Василь Дебиш // Белой вежи свет : сборник поэзии Брестчины / сост. и пер. с белорус. Валерия Гришковца. – Минск, 2010. – С. 108–109.
- Дэбіш, В. Два бакі ; «Сон глыбокім твой быў і салодкім …» ; «А ноччу снег выпаў : ён чысты і белы …» : [вершы] / Васіль Дэбіш // Жырандоля: літаратурны альманах Брэсцкага абласного аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў. – Мінск , 2009. – С. 62–63.