Папко Алёна нарадзілася 24 студзеня 1990 года ў вёсцы Сакалова Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыла Агароднікаўскую сярэднюю школу і факультэт замежных моў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Працуе ў школе, выкладае нямецкую і англійскую мовы.
Паэтка, празаік. Вершы і апавяданні друкаваліся ў часопісах «Маладосць», «Полымя», «Неман», «Наш современник», газетах «ЛіМ», «Звязда», «Чырвоная звязда», «Заря», «Маяк», у альманаху «Жырандоля».
Лаўрэат рэспубліканскага літаратурнага конкурсу імя Максіма Багдановіча.
Лаўрэат абласнога літаратурнага конкурсу для дзяцей і юнацтва, прысвечанага 70-годдзю вызвалення Брэстчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Пераможца конкурсу маладых літаратараў Саюзнай дзяржавы «Мост сяброўства» – 2014-2015 гг, 2016-2017 гг.
Лаўрэат міжнароднага літаратурнага конкурсу «Родны дом».
Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Грамніцы Абрус святочны, што зімы радкі, І навальніцы злёгку адшумелі. … А мы ўсё палім свечкі ў цішыні Грамнічныя – у пошуках надзеі. Усім даспадобы ранняе цяпло, Мяцеліцы суцішаныя крылы. А мы сумуем, гледзячы праз шкло, Як нашай веры растаюць кілімы. І п’е вясковы певень не з вядра – Сцюдзёную капежную вадзіцу. А мы ў нябёсы чыстыя штодня Каханне адпускаем, як сініцу. ... Абрус святочны, што зімы радкі, І навальніцы злёгку адшумелі. Мы больш не палім свечкі ў цішыні – Грамніцы, як імгненне, праляцелі.
Маме У шэрань туману апранута хата, Беланаліўны вірыць наўкол пах. Мама – ты сэрца маё, маё свята, Дотык дзяцінства на яве і ў снах. Светлых рабін чырванеюць каралі, Рэзкіх вятроў разгалосая плынь. Мама – ты лепшае, што я маю У свеце дарослым, на ласку скупым. Ў пульсе дажджоў серабрацца трывогі, Точаць маланкі лязо-вастрыё… Мама, як моцна пякуць твае ногі, Доля баліць, быццам полю – жніво. І пацалункі гадоў пакрываюць Твой дарагі мне маршчынкамі твар. Усмешкай тваёй раніцою світае Белагалубкавы наш небакрай. Сцелецца роснай травою дарога… Малітвай-надзеяй спавіта душа, Просячы шчасця дачушцы ў Бога. Мама – ты радасць мая! Першае слова і першая казка, Сноў хрызантэмных сплываюць гады. Першыя крокі любові нязгаснай… Дзякуй, матуля, што ў свеце ёсць ты!
Ты Навучаная абыходзіць шчасце Лёгкімі крокамі. Бадай амаль на цыпачках, Пешшу ды скокамі. – Намулялі боты… – Ізноўку хлусіш! Чаму яго не затрымаеш? Чаго марудзіш? Навучаная рабіць памылкі – Цана не падлічана. Лічу твае абдымкі Прыкра, ледзь узвышана. Каханка твая ўсміхаецца, Відаць, я ёй зайздрошчу. Іншага не атрымаецца, А лепшае – толькі госцю. Навучаная нецярпімасці, Чаму ж гэты дзень не скончыцца? Стужкай ружовай павіннасці Ззяе сонца. – Чаму яго не затрымаеш? – Відаць таму, што далёка. – Але ж да яго ўсяго некалькі крокаў! Некалькі крокаў…
Добрае слова Добрае слова лішнім не будзе, Добрае слова – падзякі расткі, Добрае слова – ў веснічкі людзям Добрыя справы каваць на вякі. Добрае слова душы ўскрыляе, Светла, пяшчотна гучыць праз гады. Добрае слова шчыра кранае, Аберагае ад змоўнай журбы. Добрае слова, каб не збяднелі, Воляй нябёсаў гучыць над зямлёй. Каб аніколі мы не захварэлі Крэўнай няўдзячнасцю і мітуснёй.
Я і ты З якога ранку звонкім рэхам Мой сон спазніўся на гады? Ёсць чалавек для чалавека, Але ёсць проста я і ты. Падхопіць вецер снегу пёркі, Нібыта ўзнёслы мой настрой. Жыццё падасца вельмі лёгкім, Наноў прыдуманым табой. Калючым халадком абдыме, Ёсць у адзіноты немата, Малітва, што з магіл падыме. Ёсць проста ты і проста я. Пяшчоту горкую дарую, Да іншай ужо не прывыкаць. Дзе ахвяруем, дзе шкадуем, Каго ў гэтым папракаць? Ёсць чалавек для чалавека, Ёсць у радасці свая сляза. Аднак завучанае рэхам – Ёсць проста ты і проста я…
Литература:
- Папко, А. «Мяняю успаміны на усмешку…» ; «Дзесь за лугам пракрычала каня…» ; Песня памяці ; «У свет ішла маленькаю дзяўчынкай…» ; Рабінавая восень : [вершы] / Алёна Папко // Жырандоля : літаратурны альманах. № 7. – Мінск : Кнігазбор, 2015. – С. 145–147.
- Папко, А. «Не пішуцца лісты ў далёкі край…» ; «Не сціхнуць трывожныя гукі…» ; «Так будзе… Было так дагэтуль…» ; Бацькам; Матулі ; «Мяне запамятайце шчырай і вясёлай…» ; «Мы засталіся там, дзе сонца…» ; Час : [вершы] / Алёна Папко // Літаратура і мастацтва. – 2020. – 3 красавіка (№ 13). – С. 8.
- Попко, А. Радуга : рассказ / Алёна Попко // Нёман. – 2019. – № 11. – С. 58–63.
- Папко, А. Яблыкі ; «Ажына сцелецца лясная…» ; Залатыя рыбкі ; Rose-colored glasses ; Матулі ; Птушка не ў цёрне ; Кветка ; «Давай скажам адзін аднаму тое…»; Шлях; Безназоўная : [вершы] / Алёна Папко // Літаратура і мастацтва. – 2018. – 14 верасня (№ 36). – С. 8.
- Папко, А. Чорна-белыя сны : [вершы] / Алёна Папко // Маладосць. – 2018. – № 7. – С. 24–26.
- Папко, А. «Глыток вясны, нібы жывой вады…»: [верш] / Алёна Папко // Заря. – 2018. – 5 июля (№ 70). – С. 19.
- Папко, А. Ляцяць дзьмухаўцы: [верш] / Алёна Папко // Брестский ветник. – 2018. – 22 марта. – (№ 14). – С. 20.
- Папко, А. «І ў россып зорнага святла…» ; Куды падзелася зіма? ; «Каго паклічу ў госці да сябе…» : [вершы] / Алёна Папко // Заря. – 2017. – 21 января (№ 8). – С. 11.
- Попко, А. Чудной часовщик, или Однажды в Коссово : рассказ / Алёна Попко // Нёман. – 2016. – № 11. – С. 152–162.
- Папко, А. Да зор ляцець… : [вершы] / Алена Папко // Маладосць. – 2016. – № 8. – С. 18–19.
- Папко, А. Волчица : [рассказ] / Алёна Папко ; перевод с белорусского Татьяны Сивец // Нёман. – 2015. – № 6. – С. 27–33.
- Папко, А. Дзень за днём… : [вершы] / Алёна Папко // Маладосць. – 2015. – № 6. – С. 32–33.
- Папко, А. Хутарская дачка : [апавяданне] / Алёна Папко // Маладосць. – 2014. – № 10. – С. 26–42.