Нажмите "Enter" для перехода к содержанию

Антоновский Николай

admin 0

Антаноўскі Мікалай Дзмітрыевіч нарадзіўся 6 студзеня 1952 г. у вёсцы Сташаны Пінскага раёна ў сялянскай сям’і.  Тут жа скончыў сярэднюю школу, працаваў у калгасе. Служыў у войску. Пасля быў літаратурным супрацоўнікам Ганцавіцкай раённай газеты «Савецкае Палессе».

Паступіў на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Закончыў вучобу ў 1978 годзе і быў накіраваны на працу ў Браслаўскую раённую газету «Браслаўская звязда». У 1982 годзе пераехаў у Пружаны, працаваў у раённай газеце загадчыкам аддзела пісьмаў. З 1984 года па 2016 год – галоўны рэдактар газеты «Раённыя будні».
Піша вершы са школьных гадоў, друкаваліся яны ў газетах «Піянер Беларусі» і «Полесская правда».    
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1996 года. Уганараваны званнямі: «Заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў», лаўрэат рэспубліканскага журналісцкага конкурсу «Залатое пяро», «Выдатнік друку Беларусі». Прызнаннем асабістага ўдзелу ў грамадскім і творчым жыцці вобласці стала рашэнне аблвыканкама аб прысуджэнні Антаноўскаму М. Д. ганаровага звання «Чалавек года-2009».

Выдаў кнігі: 
Антаноўскі М. Святаяннік: Зборнік вершаў. – Мн.: Беларускі дом друку, 1993.
Антаноўскі М. Падсочаны бор: Зборнік вершаў. – Пружаны, 1997.
Антоновский Н. Зелёная рапсодия: леса и лесоводы Пружанщины: документальный очерк. – Брест,2004.
Пружаны і ваколіцы = Pruzhany district”:фотаальбом//Аўтары тэксту: М. Антаноўскі і У. Шпарло. – Брэст, 2013.
Сааўтар калектыўных зборнікаў:
 «Паміж Бобрыкам і Ланню»,  «Анталогія беларускага санета», «Нашчадкам слова застаецца», «Дзядзінец». 
Вершы друкаваліся ў часопісах «Нёман», «Маладосць», «Белая вежа», «Беларуская думка», газетах «ЛІМ», «Раённыя будні».

*  *  *   
За лесам палавее жыта,
За жытам – зноў шумяць лясы.
Бяды нямала перажыта,
Не раз гарэлі каласы.
 
Але мы ўпарта жыта сеем
І садзім хвойкі і дубкі.
На лёс свой скардзіцца не ўмеем,
Надзея – на цяпло рукі.
 
І як бы нас ні церла доля,
Каб адракліся ад высноў, –
Змахнеш слязу на родным полі
Ды і ў жыццё паверыш зноў.
 Жыццёвая балада

Калі вайна круціла жорны,
І на палескае сяло
Лёг цень, нібы асмалак,  чорны –
Мяне тады шчэ не было.
 
Калі загінуў дзед без вестак,
І дзядзька галаву злажыў
На вышыні чужой за Брэстам, –
Я і тады яшчэ не жыў...
 
Ды вось у курныя зямлянкі,
Пад стрэхі збедавалых хат
Прыйшло яно зялёным ранкам,
Святое свята з усіх свят.
 
І слёзы радасці салдатак,
І слёзы сплаканых удоў,
І галашэнне-стогны матак
(Крый Божа перажыць сыноў!),
Як кроў надзеі і пакуты,
Як сіла гневу і цяпла,
Як немач болю  і атруты,
Як гордасць праўды і святла,
Гаюча,
             Узбуджана,
                                  Збалела
Ўліліся ў спляценне жыл –
І я з’явіўся на свет белы,
Каб доўга-доўга жыць і жыць.
 
Я абавязан быў з’явіцца,
Каб нарабіцца:
Наарацца,
Набудавацца,
Накасіцца,
Нацалавацца, накахацца,
Нацешыцца, намілавацца
За тых, хто, кулямі абраны,
Упаў у пыл, гарачы снег
І хто,
          з франтоў прынёсшы раны,
Араць не выйшаў па вясне,
Хто пад гармонік – жалю зброю –
Збіраў у шапкі медзякі
І хто залічаны вайною
Быў у бязногія палкі...
 
Зямля мая!
Мне дай іх сілы,
Малю:
            Не дай мне забыцця,
Што безыменныя магілы
Таксама ёсць працяг жыцця,
Не дай дачасна мне стаміцца,
Не пашкадуй дабра, любві...
На свет пашчасціла з’явіцца –
Жыві,
           Жыві,
                       Жыві!..
Тры бярозы
 
Тры бярозы за сялом –
Як тры лёсы
                        Скрушных самых,
А пабачу –
                     I цяпло,
Быццам верніку ля храма.
 
Тры бярозы за сялом
Даражэй за лес, за пушчу...
Калі-небудзь мы памром.
Толькі ці адпусцяць
Тры бярозы за сялом?..
Сярод лістоў
 
І з ценем смутку, нейкага папроку
Сябе спытаю:
                         «Хто ты на зямлі?»
Няўжо як ліст самотна-адзінокі
Сярод лістоў, што сыплюцца з галін?
 
Хаджу ў задуме ціха між бярозаў
І, ап’янелы, можа, ўпершыню
Так разважаю аб жыцці цвяроза
І так высока сэнс яго цаню.
 
Таму прычынай, мусіць, гэта восень –
Нібы ў яе патрапіў неспадзеў,
Калі шукаюць вочы ў небе просінь,
А бачаць шэрыя шкілеты дрэў.
 
І хоць я знаю, што пасля завеяў
У прадчуванні з выраю гракоў
Вішшо бяроз ізноў заружавее,
Сумніў гняце з упартасцю грахоў.
 
А мо сумніў мой – толькі бура ў шклянцы,
Калі душа так прагне цеплаты?..
Ах, як зайздросна ў паўсонным танцы
Ляцяць з бяроз спакойныя лісты!
Санеты для каханай
 (З вянка санетаў «Каханне»)
 
          1
Душой пасеяныя кветкі...
Іх не пабачыш, не кранеш рукой,
Ды толькі ведай: для цябе адной
Растуць іх цэлыя палеткі.
І хай, нібы ад горкай рэдзькі,
Паморшчыцца эстэт-пашляк і той,
Хто лічыць іх хімернаю журбой,–
Табе, табе дарунак рэдкі!
 
Хай трызніць казкай нашая зіма,
Калі нудота просіцца сама
Зусім не госцяй – гаспадыняй,
О, як  тады патрэбна скроні скронь!
О, як да  месца  зноў вяргіня
На схіле сноў начных і ясных  дзён!
 
          2
На схіле сноў начных і ясных дзён
Прыходзіць зноў жаданы ранак
З усмешкай мілаю каханай
І сонцам расфіраненых акон.
Зрунелае пяшчотнасці  загон
Пералапачваю  старанна,                 
Я – твой прыгонны, мая панна,
Мне даспадобы гэтакі прыгон!
 
Якою меркай волю мерыць?                 
Не страшна ўласны лёс даверыць
Таму, хто не адводзіць свой пагляд,
Калі ў трымценні шлюбнай свечкі
Пад купал, дзе сышоўся далягляд,
Паклічаш ты пяшчоту ў сведкі.               
 
          3
Паклічаш ты пяшчоту ў сведкі,
Калі скразняк падуе ледзяны,          
І нераскручаны сувой віны –              
Пасаг ад зайдрасці-какеткі –
Без марных слоў, без фразаў едкіх
Глыбей схавае  куфар таямны,      
Каб засцярога золакам вясны           
Часцей прыходзіла ў адведкі,
 
Каб салавей, пяюн і дырыжор,
Настройваў сэрцы толькі на мажор
І спевам  для адной-адзінай
Гнаў прэч ляноту ложка  і скрозь сон
Засведчыў ранішняй гадзінай,
Што я, шчаслівы, здаўся ў твой палон.

Литература:

  1. Антаноўскі, М. Д. Святаяннік : вершы / Мікола Антаноўскі – Мінск : Полымя, 1993. – 30 с. – (Бібліятэка часопіса «Маладосць»)
  2. Антаноўскі, М. Д. Падсочаны бор : вершы / Мікола Антаноўскі. – Пружаны : Газ. «Раён. будні», 1997. – 127 с. – Змест: Цыклы: І сення, і заўтра, і ўчора; Цяпло вачэй; Край святла і бяроз.
  3. Антаноўскі, М. Д. Як ліст сярод лістоў… : лірычны роздум / Мікола Антаноўскі. – Брэст : Альтернатива, 2019. – 179 с.
  4. Пружаны і ваколіцы = Pruzhany district : [фотаальбом / аўтары тэксту: М. Антаноўскі і У. Шпарло ]. – Брэст : Рэкламна-інфармацыйнае агенцтва «Вечерний Брест», 2010. – 96 с.
  5. Антаноўскі, М. Д. Напамін пра ліпень 44-га ; Памяці Алеся Каско : [вершы] / Мікола Антаноўскі // Літаратура і мастацтва. – 2020. – 17 красавіка (№ 15). – С. 13.
  6. Антаноўскі, М. Д. Грыбасей ; Антонаўкі ; «Пастукаецца ў шыбу сініца …» ; Сэрца : [вершы] / Мікола Антаноўскі // Заря. – 2018. – 12 апреля (№ 42). – С. 18.
  7. Антаноўскі, М. Д. Перадзім’е ; «Прыходзіць ён як непазбежнасць …» ; «Рыжы стог пад цыратай …» ; «Сягонне дзень  – як сон неверагодны …» : [вершы] / Мікола Антаноўскі // Заря. – 2018. – 13 октября (№ 103). – С. 16.
  8. Антаноўскі, М. Д. « Халодны снег  на свет цярушыць…» ; Пясчанка : [вершы] / Мікалай Антаноўскі // Заря. – 2006. – 7 декабря.
  9. Антаноўскі, М. Д.  Сябпы ; Корч ; Ля кастра ; Сцяжына ; Наперад : [вершы] / Мікалай Антаноўскі // Заря. – 2002. – 5 января.
  10.  Антаноўскі, М. Д.  Над Вісліцай ; «У суседкі зноўку скрыпка плача …» ; «Гусцее ноч …» ; Будзе ;
    «І аднойчы патруцяцца кветкі …» ; «Калі я верыў у цябе …» : [вершы] / Мікалай Антаноўскі // Народная трыбуна. – 2002. – 16 лютага.
  11. Антаноўскі, М. Д. Божы дар : [верш] / Мікалай Антаноўскі // Народная трыбуна. – 1998. – 31 снежня.
  12. Антаноўскі, М. Д. 1955-ы ; Дадому ; Паэт ; «У таполях заблудзіўся ветах …» ; «Навошта мне душы пярэчыць …» : [вершы] / Мікалай Антаноўскі // Заря. – 1996. – 5 сентября.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *