Нажмите "Enter" для перехода к содержанию

Бабарыка Галіна

admin 0

Нарадзілася ў вёсцы Мачуль Столінскага раёна. Закончыла Магілёўскае педагагічнае вучылішча (1979), Магілёўскі педагагічны інстытут (1987).
З 1979 па 2018 працавала настаўніцай.

Аўтар зборнікаў паэзіі «Давер» і «Дарога ў восень». Лаўрэат Міжнароднага літаратурнага конкурсу  «Сям’я – Адзінства – Айчына» (2014), літаратурнай прэміі імя У. Калесніка Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта (2017), пераможца Брэсцкага абласнога конкурсу «Духоўная веліч» (2018). Паўфіналіст Расійскага літаратурнага конкурсу «Героі Вялікай Перамогі – 2019», фіналіст літаратурнага конкурсу «Бацькаўшчына светлая мая», які праводзіла дзяржаўная тэлерадыя кампанія Рэспублікі Беларусь (2019). Вершы ўвайшлі ў калектыўныя зборнікі «Па праву жывога» (Мінск, Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2014), «Беларускі ручнік» (Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2013) і многія іншыя. Піша вершы і прозу.

Малітва перад Вялікаднем
 
Дай, Божа, сілы выстаяць, не ўпасці,
Свой страх перамагчы і з верай жыць,
У час, што стаў пракляццем і напасцю,
Пад ветразем надзеі мірна плыць.
 
Дай, Божа, моцы блізкім, родным людзям,
Да свята свят, каб з радасцю прыйшлі.
Напоўні чысцінёй паветра грудзі,
Каб лёгка дыхалі па ўсёй Зямлі.
 
Любові нам да бліжніх дай і веру…
Даруй нам, Божа, просьбы «дай ды дай»:
Мы самі вінаваты ў тым, што шэрасць
Закрыла створаны табою рай.
 
Мы гэты свет псавалі як хацелі,
Законы не выконвалі Твае,
У храмы не спяшаліся ў нядзелю,
Бо справы мелі «важныя», свае.
 
Сучасны свет – калос, ды ногі з гліны –
Раптоўна захістаўся: каб не ўпаў.
Цябе, Гасподзь Магутны і Адзіны,
Мы молім: Чалавецтва смерці збаў.
 
Зямля адчула смертаносны подых,
Як біты ветрам, лёгкі дзьмухавец…
З малітвамі звяртаюцца народы:
Прабач… Ратуй ад пошасці, Айцец.
Прысвячаю майму дзеду Супрунчыку Піліпу Ерамеевічу
 
Дзядуля быў немалады,
Калі ваенныя гады
Сваім бязлітасным крылом
Накрылі любы край, сяло.
Руплівец, добры гаспадар,
Садоўнік, земляроб, пчаляр,
У хаце спачываў ён мала,
Заўсёды праца рук чакала…
 
Сазвалі партызаны збор.
Ды дзе падзеўся іх дазор?
Магчыма, ставілі кагось,
А ён паклаўся на «авось».
Дакладна я сцвярджаць не буду,
Але, відаць, у вёсцы жыў Іуда,
Што ворагам данёс пра сход.
Загаласіў бы кожны род,
Бо трапным стаў бы ўсякі стрэл,
Накіраваны ў гушчу цел.
На месцы – смерць ці смерць ад раны…
Палеглі б тут і партызаны…
 
Дзядуля не пайшоў на сход:
«Я лепш агледжу агарод.
Нядзеля. Сёння не працуем.
Навіны я пазней пачую,
Паўліна ўсё раскажа потым
І дзеці. Слухаць – не работа».
Прайшоў, праверыў па парадку
З цыбуляй, з бурачкамі градкі…
 
І раптам: Божа, барані!
Там незнаёмец на кані!
Іх многа ў шэрых шынялях
Кіруюць на мясцовы шлях!
Ляцеў маланкай да паселі,
На жонку закрычаў: «Застрэляць!»
Усе рванулі хто куды
Далей, хутчэй, ад той бяды!
Цяпер стаяць! Чакаць прысуд,
У Госпада маліць пра цуд.
Як сэрца б’е балюча ў грудзі,
Застылі на дарозе людзі,
Адчай на тварах – чорным ценем,
Мацуецца душа маленнем…
 
Страляюць толькі ў бок рачулкі!
Народ – дадому па завулках.
Сышлі за Моўству партызаны…
Жывыя ўсе, не расстраляны…
 
Ніколі не хваліўся дзед.
І чым хваліцца? Не Сусвет
Збярог. Уратаваў ад куляў
Людзей у вёсачцы Мачулі.
Асеннія адчуванні
 
Выйшла восень на спатканне:
Туманок каля ракі,
Будзіць цішыню світання
Сумны шэпат асакі.
 
Запаліла дрэвы-свечкі:
Дзе-нідзе гарыць бурштын,
У лясочку на ўзмежку
Чырвань тоіцца калін.
 
Баравік застыў уранку,
Прыхаваўся ў верасах.
За нябесную фіранку
Птахаў пралягае шлях.
 
Крык панылы ў паднябессі…
Позірк кідаем услед:
Да вясны сціхаюць песні,
Да вясны бяднее свет.
 
У прыродзе – адцвітанне,
У душы – спакой і ціш,
Бо нічога не чакаеш
І нясеш з пакорай крыж.
 
Гэтак і сама прырода…
Ёй назад дарог няма…
І праходзяць год за годам
Лета, восень і зіма.
 
Дзён мільгаюць лістапады.
І не толькі дзён – гадоў.
Ды жыве ў сэрцы радасць –
Смак атрыманых пладоў.
Святы дзень
 
Бялюткі снег у іскрах сонца,
А з поўдня плачуць капяжы.
Як дзіўна: прыгажосць – бясконца,
Цудоўнаму няма мяжы.
 
Блакіт крыштальны, пух аблокаў…
Паветра свежасць, чысціня…
Сустрэнеш радасць з кожным крокам
У велічы святога дня.
 
Да неба цягнуцца вяршыні –
Парэпаныя рукі дрэў,
Яны ўздымаюць у вышыні
Маўклівую малітву-спеў.
 
Навыварат душа, не можа
Трымаць Сусвет сама ў сабе.
У ёй, з благаславеннем Божым,
Не знойдзецца кутка журбе.
 
Сыходзіць дзень. На развітанне
Паболей рупіцца мароз.
Кладзецца сінявой змярканне
На пасмы доўгія бяроз.
Ягадныя сцежкі лета
 
Цераз Моўству – пераправа.
Перашкодаю – разліў.
Каб на бераг трапіць правы,
Хтосьці ехаў, хтосьці плыў.
 
Сонца ўсмешкаю ласкавай,
Несучы алмазы рос,
Абсыпае імі травы,
Дрэвы, кветкі, вербалоз.
 
Ля валошкавых узмежкаў,
Між сінеючых азёр
Пракладае лета сцежкі
У стары далёкі бор.
 
Каля воблакаў з рамонкаў
Пралягае гэты шлях…
Там, у соснах стройных гонкіх,
Багуну захмеліць пах.
 
Час не трацячы ў забавах,
Нават дзеці – голаў ніц:
У бітончык сыплюць жвава
Жмені поўныя чарніц.
 
Чарнатою спелых ягад
Падфарбуеш рукі, рот…
Сонца адвядзе на захад
Дзень, што доўжыцца, як год.

Литература:

  1. Бабарыка, Г. С. Давер : вершы / Галіна Сідараўна Бабарыка ; [аўтар прадмовы  Л. Дранько-Майсюк]. –  Пінск : Пінская рэгіянальная друкарня, 2004. – 71
  2. Бабарыка, Г. С. Дарога ў восень : зборнік вершаў / Галіна Бабарыка ; [аўтар прадмовы А. Крэйдзіч]. –  Брэст : Альтернатива, 2015. – 131 с. – Змест: цыклы: Вечны скарб ; Напамін ; Здзіўлены восеньскім маем ; Пазначаны словамі-песнямі маці ; Букет пажаданняў ; Паэтычная асака.
  3. Бабарыка, Г. С. Беларусь; Рыцарам мовы : [вершы; біяграфія] / Галіна Бабарыка // Берасцейская скарбніца : альманах . Вып. 1. / рэдактар-укладальнік С. С. Мартынюк. – Брэст : Альтернатива, 2018. –  С. 13 – 15.
  4. Бабарыка, Г. С. Бацька : [апавяданне] / Галіна Бабарыка // Берасцейская скарбніца : альманах.  Вып. 1. – Брэст : Альтернатива, 2018. – С. 130–133.
  5. Бабарыка, Г. С. «Заблудзіла дзяцінства ў тумане…» ; Дрэвы : [вершы] / Галіна Бабарыка // Заря. – 2020. – 27 июня (№ 52). – С. 18.
  6. Бабарыка, Г. С. За вясной – вясна : [верш] / Галіна Бабарыка // Заря. – 2020. – 4 апреля (№ 28). – С. 15.
  7. Бабарыка, Г. С. Святасць вады ; Храмы-витязи – окрест… : [вершы] / Галіна Бабарыка // Заря. – 2020. – 15 февраля (№ 14). – С. 16. 
  8. Бабарыка, Г. С. Паспачуваў : [апавяданне] / Галіна Бабарыка // Вожык. – 2020. – № 1. – С. 7. 
  9. Бабарыка, Г. С. «Восень развітацца не спяшае…» : [верш] / Галіна Бабарыка // Заря. – 2019. – 16 ноября (№ 91). – С. 16.
  10. Бабарыка, Г. С. Хлеб; Развітанне і сустрэча : [вершы] / Галіна Бабарыка // Заря. – 2019. – 28 сентября (№ 77). – С. 14. 
  11. Бабарыка, Г. С. Яшчэ далёка да вясны ; Прадвесне : [вершы] / Галіна Бабарыка // Літаратура і мастацтва. – 2019. – 15 сакавіка (№ 11). – С. 8.
  12. Бабарыка, Г. С. Фіранкі зімы ; Святы дзень : [вершы] / Галіна Бабарыка // Заря. – 2019. – 16 февраля (№ 14). – С. 16.
  13. Бабарыка, Г. С. Агеньчыкі нашага дзяцінства ; Абуджэнне роднага краю : [апавяданне, верш] / Галіна Бабарыка // Маладосць. – 2019. – № 1. – С. 139–140.
  14. Бабарыка, Г. Завейны час  : [верш] / Галіна Бабарыка // Заря. – 2019. – 5 января (№ 2). – С. 15.
  15. Бабарыка, Г. Зімовы роздум  : [верш] / Галіна Бабарыка // Заря. – 2018. – 15 декабря  (№ 121). – С. 14.
  16. Бабарыка, Г. С. Матывы Моўствы : зборнік вершаў / Галіна Бабарыка. – Брэст : Альтернатива, 2021. – 150 с.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *