Нажмите "Enter" для перехода к содержанию

Борисюк Василий

dmitriy_s 0

Барысюк Васіль нарадзіўся 16 чэрвеня 1976 года ў вёсцы Малыя Корчыцы Кобрынскага раёна.
У 1998 годзе скончыў філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна. Паэт, журналіст. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі.

.

Вершы друкаваліся ў абласных і рэспубліканскіх перыядычных выданнях, штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісах «Першацвет», «Маладосць», а таксама ў шэрагу калектыўных выданняў: «Берасцейскія карані», «Дзядзінец», «Анталогія маладога верша», «І нараджалася слова», «Лірычны настрой», «За Радзімы жыццё!» і іншых.

Стихи в исполнении автора:

* * * 
Прывітанне, горад любы, горад-лёс!
Летапісны і штодзённа новы.
Падужэў, пашырыўся, падрос,
а застаўся ўсё-ткі адмысловым:

тут – сады квітнеюць па старых завулках,
тут – паўсталі сотні камяніц,
тут – гуляе, тут – забыўся ў думках,
тут – віруе, тут – былое сніць…

Прывітанне, горад, маладосць мая!
Светлы час узнёслага кахання,
чыстых рыфмаў, слодычы ўдвая
ад жыцця ўзаемнага пазнання.

Прывітанне, людзі! З вамі кожны дзень
мы ствараем час і горад гэты.
Берасце, Бярэсце, Брэст… Ідзем –
горадам сваім, краінай, светам!
* * * 
На разрыў – між усходам і захадам –
назаўжды мы на гэтай зямлі,
і таму пералётнымі птахамі
пад прымусам хіба што былі.

Набягалі страшэнныя ворагі –
толькі мы паўставалі ізноў:
абаронцаў хавалі няскораных,
гадавалі дачок і сыноў.

І за кожнай чужыннай навалаю
крочыў сейбіт па роднай раллі –
і заўсёды зямля аддавала нам
нават болей, чым мы ёй далі.

І даў Бог, каб адчулі Айчыну мы,
нам спазнаць, што існуе любоў,
што жыццё без яе немагчымае,
што Радзіма – і гонар, і боль,

што яна ўжо жыве з першым подыхам
немаўлятка на гэтай зямлі,
што мы ўсе між сабой людзі родныя –
і таму, каб мы разам былі.
Размова на могілках  

Старыя могілкі вясковыя,
ледзь бачныя пагорачкі зямлі…
Бабулькі словы выпадковыя:
“Апошні свой прытулак тут знайшлі
салдаты. Двое. Іх параненых
схапілі немцы ў полі за сялом”.
– Чаму ж не перапахаваныя?
Сумелася: “Не знаю, як было…
Ды і ніхто ж не скажа, хто яны…”
І ціха да сваіх магіл пайшла.
А вецер, на вясне настоены,
на помніках у стужках запалаў…

Не ўсе імёны іх вядомыя,
не ўсіх, на жаль, паспелі пахаваць,
не атрымалі звестак дома – і
сыйшлі з жыцця, стаміўшыся чакаць.
Мы вінны ўсім, усім, хто знішчаны,
хто ненароджаны, хто бараніў
наш гэты дзень, слязьмі ачышчаны,
і кожны дзень, не спалены ў агні.
* * *
Зноў месяц, рака і туман
вучаць мяне маўклівасці.
Паводкай сплывае зіма.
Дорыць самота міласцю.

А вецер новага дня,
нават яшчэ нябачнага,
галлё ліхаманкава ўзняў,
спуджаны першымі качкамі.

І раптам выходзяць з вады
дрэвы на самым досвітку.
Чапляючыся за ствалы,
плынню на захад зносіцца

мінулае: ночы і дні,
некім ці мной пражытыя.
І радуюцца акуні,
ранкам спакойным сытыя.
* * * 
На світанку ёсць марозец,
а з абеду – дзесяць плюс!
Жураўлі вясну падвозяць,
і буслы – у Беларусь!

Звонка цінькаюць сініцы
і шалеюць вераб’і,
у алешын – завушніцы,
разліліліся ручаі.

Гай бярозавікам дорыць:
хто жадае – налятай.
Не шчыруе толькі хворы,
засаромеўся й гультай.

Надвячоркам рады гусі,
што вяртаюцца дамоў...
Сакавік у Беларусі –
і жыццё віруе зноў!
* * * 
Гадзіннік разбілі.
Ён быў у рамонце,
але па ўсім фронце
ў гадзіну на хвілю
цяпер адступае
і, шклом не закрыты,
ад бруду адмыты,
сябе дакарае.
Збіраецца пыл на
халодныя стрэлкі.
Прайграўшы ў глядзелкі,
ўзіраецца пільна
ў самотную постаць
маіх акуляраў.
– Мы, праўда, не пара.
І рознага ўзросту.
Гадзіннік смяецца
ды просіць насоўку.
І грукае зноўку
зламанае сэрца.
* * * 
За Берасцем, на поўначы,
дажджы ідуць часцей:
у спёку выйдзеш поначы –
там сполахаў расце!
І ўдзень туды нахмурыцца,
ды пройдзе халадком.
Увечары ўся вуліца
з паліву п’е нагбом.
Пацверджана радарамі:
над пушчай зноў ліе.
А тут чаканні марныя
на градачкі свае.
Таму і ў душных офісах,
і ў цэхах, і ў дварах –
у міні-мегаполісе –
сумуюць па барах,
дзе прахалодай стомлены
расшчодрышся слязьмі,
дзе гарадскія гобліны
збываюцца людзьмі.
* * * 
Па дарозе з Брэста ў Кобрын
шчодры жнівень на палях –
ураджаем дорыць добрым
наша родная зямля:

вось ужо сабрана збожжа
і салома – у рулон,
спакушаюць спадарожных
сотні жоўтых фотазон,

кукурузы кіламетры
падпіраюць небасхіл,
гараджан завуць прадметна
бульбы жоўтыя вярхі.

Зноўку адрасла атава,
адкляпаны тры касы:
злева брат, а бацька справа –
колькі тое там расы!

Вось ужо і край гарода,
і размова ў халадку:
як жывеш, як жыў тут продак…
Рукі хораша пякуць.

Тут свае адновяць сілы
з Брэста й Кобрына паслы.
…За сялом спрабуюць крылы
маладзенькія буслы.
* * * 
Трывае спёка колькі дзён –
ледзь-ледзь расплюшчыць вочы можна.
А думка точыць асцярожна,
што жнівень больш не маладзён.

Уранку чорныя гракі
пасядуць купкай на газоне,
дзе жоўтым лісцем па зялёным
чакаюць восень мастакі.

Пусцее горад, а за ім
жытнёвых ніў знікаюць хвалі,
начамі туманы паўсталі,
і зорны дождж па-над усім…

Такім бывае родны кут,
калі адрынуць тлум жыццёвы,
няшчыры смех, пустыя словы…
Дзе б я ні быў, я буду тут.
* * * 
Светла ў лесе на радзіме.
Адлятаюць жураўлі.
Сонца спее ў небе сінім –
і спаўзае да зямлі.

Дзень мінае вераснёвы –
бесклапотны, залаты,
без пустых, няшчырых словаў:
толькі я і толькі ты.

Надвячоркам успаміны
пра памерлых і жывых.
З цёплым водарам Айчыны
набліжаюся да іх.

Выпіваецца дарэшты
дзень вялізны: быццам я
зноў маленькі між алешын,
побач родная сям'я...

І дзіцячая надзея
на спагаду ды любоў –
і Сусвет крыху дабрэе,
каб адчуў я гэта зноў...

Але ўжо імглісты морак
агародамі брыдзе.
Я – шчаслівы – еду ў горад
і вязу пражыты дзень.

Литература:

  1. Барысюк В. П., “На світанку ёсць марозец…”, “Быў на радзіме і ўночы…”, “Трывае спёка колькі дзён…” : [вершы] / Васіль Барысюк // Калектыўны зборнік “За Радзімы жыццё!”, Кобрын, Выдавец Ніжнік Н.П. – 2024. – ст. 12-14.
  2. Барысюк В. П. “Аднапавярховае Берасце; “Зранку раптам рыкне рокер…”; “За Берасцем, на поўначы…”; “Раніцою ў кватэры чужой…”; “Светла ў лесе на Радзіме…”: [вершы] / Васіль Барысюк //Лірычны настрой. Выпуск 3: літаратурны альманах. Кобрын, 2024
  3. Барысюк В. П. “І ў вясновай халаднечы…”, “Трывае спёка колькі дзён…”, “Светла ў лесе на радзіме…”, “Кніга ці меч у ножнах…”, “Апошнія зялёнкі…” : [вершы] / Васіль Барысюк // ЛіМ. – 2024. – 23 лютага (№ 8).
  4. Барысюк, В. П. “І ў вясновай халаднечы…” : [верш] / Васіль Барысюк // Заря. – 2022. – 30 апреля (№ 34).
  5. Барысюк, В. П. «Сненне і дождж начны…»: [верш] / Васіль Барысюк // Заря. – 2009. – 29 ноября.
  6. Барысюк, В. П. «Спрабуючы адхапіць…» ; «А мы не спраўдзілі надзеяў іхніх…» : [верш] / Васіль Барысюк // Заря. – 2006. – 28 января.
  7. Барысюк, В. П. «Жнівеньскі дождж вечаровы…» : [верш] / Васіль Барысюк // Заря. – 2005. – 17 сентября
  8. Барысюк, В. П. Прысвячэнне на фоне ; «Года напрыканцы…» ; «Ты прагнуў спыніцца…» : [верш] / Васіль Барысюк // Заря. – 2007. – 6 января.
  9. Барысюк, В. П. Берасце : [верш] / Васіль Барысюк // Літаратура і мастацтва. – 2002. – 12 ліпеня (№ 27). – С. 9.
  10. Барысюк, В. П. «О, як добра было б…» : [верш] / Васіль Барысюк // Заря. – 2000. – 29 января.
  11. Барысюк, В. П. «Лашчыць вечар твае валасы…» : [верш] / Васіль Барысюк // Народная трыбуна. – 1999. – 6 сакавіка.
  12. Барысюк, В. П. «За акном з двайною рамай…» ; «Прыйду да цябе…» : [вершы] / Васіль Барысюк // Заря. – 1999. – 4 февраля.
  13. Барысюк, В. П. «Мае каханне неспакойнае…» ; Берасце. 7 студзеня 1998 г. : [вершы] / Васіль Барысюк // Заря. – 1998. – 14 апреля.
  14. Барысюк, В. П. «Лёгкі цень лятае па дарозе…» ; Вечар з Маркесам ; «Вечар. Велікодныя званы…» : [вершы] / Васіль Барысюк // Заря. – 1997. – 4 марта.
  15. Барысюк, В. П. «На ўскрайку могілак…» : [верш] / Васіль Барысюк // Народная трыбуна. – 1998. – 31 снежня.
  16. Барысюк, В. П. К собственному юбилею ; «Адліга. Туманны морак…» ; «Прыдумваю за цябе…» : [вершы] / Васіль Барысюк // Народная трыбуна. – 1998. – 5 снежня.
  17. Барысюк, В. П. «Увечары лашчыцца вільгаць…» : [верш] / Васіль Барысюк // Заря. – 1995. – 14 ноября.
  18. Барысюк, В. П. Дзяўчына Восень : [верш] / Васіль Барысюк // Заря. – 1993. – 29 октября.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *