Нажмите "Enter" для перехода к содержанию

Борисюк Василий

admin 0

Нарадзіўся 16 чэрвеня 1976 года ў вёсцы Малыя Корчыцы Кобрынскага раёна.
У 1998 годзе скончыў філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна.
Працуе ў тэлерадыёкампаніі «Брэст», на радыё.

Вершы друкаваліся ў абласных і рэспубліканскіх перыядычных выданнях, штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісах «Першацвет», «Маладосць», «Дзеяслоў», а таксама ў шэрагу калектыўных выданнях: «Берасцейскія карані», «Дзядзінец», «Анталогія маладога верша», «Жырандоля», «І нараджалася слова» і іншых.

Стихи в исполнении автора:

* * * 
Восені небакрай
Я пераходжу ў брод.
Літасці не чакай
Пошасці пасярод.
 
Хай будзе так, як ёсць,
Будзе ўсё роўна лепш:
Скончыццца маладосць,
А застанецца верш.
 
Хай нечытаны сам,
Стане ён толькі мой –
Сцішаным галасам
Выпадзе супакой.
 
Вырасце на раллі
Новае нешта з нас.
Добра, што мы былі...
Добра, што толькі раз.
* * * 
Зноў месяц, рака і туман
Вучаць мяне маўклівасці.
            Паводкай сплывае зіма.
Дорыць самота міласцю.
 
А вецер новага дня,
Нават яшчэ нябачнага,
Галлё ліхаманкава ўзняў,
Спуджаны першымі качкамі.
 
І раптам выходзяць з вады
Дрэвы на самым досвітку.
Чапляючыся за ствалы,
Плынню на захад зносіцца
 
Мінулае: ночы і дні,
Некім ці мной пражытыя…
І радуюцца акуні,
Ранкам спакойным сытыя.
* * * 
Гадзіннік разбілі.
Ён быў у рамонце,
Але па ўсім фронце
У гадзіну на хвілю
Цяпер адступае
I, шклом не закрыты,
Ад бруду адмыты,
Сябе мацюкае.
Збіраецца пыл на
Халодныя стрэлкі.
Прайграўшы ў глядзелкі,
Узіраецца пільна
У самотную постаць
Маіх акуляраў.
– Мы, праўда, не пара.
І рознага ўзросту.
Гадзіннік смяецца
Ды просіць насоўку.
І грукае зноўку
Зламанае сэрца.
* * *
I толькі так: з гадамі разумееш, 
Што ўсё было атрымана ў крэдыт 
I не ў дзіцячых кніжках бармалеі – 
Наўкол цябе праз аднаго – бандыт.

I кожны хам з апломбам і прыгожа 
Распавядае пра грахі твае: 
Яго працэнты, тэрміны трывожаць, 
Асноўны доўг спакою не дае.

Ты вінны ўсім – і кожны спаганяе: 
Штуршкі ў хадзе, падрэзкі на аўто… 
Нарэшце думка праз гады (жывая!), 
Што ўсе яны – ніхто, а ты – нішто.

Нішто? I з гэтым трэба жыць? А трэба. 
Зруйнуецца стары трывалы свет.
Хай ні вады, ні хлеба…
Будзе неба.
На небе – Бог.
Над Богам – чалавек.
* * * 
Трывае спёка колькі дзён – 
Ледзь-ледзь расплюшчыць волы можна. 
А думка точыць асцярожна, 
Што жнівень болып не маладзён.

Уранку чорныя гракі 
Пасядуць купкай на газоне, 
Дзе жоўтым лісцем па зялёным 
Чакаюць восень мастакі.

Пусцее горад, а за ім 
Жытнёвых ніў знікаюць хвалі, 
Па ночах – туманы паўсталі, 
I зорны дождж па-над усім…

Такім бывае родны кут, 
Калі адрынуць тлум жыццёвы, 
Няшчыры смех, пустыя словы…
Дзя б я ні быў, я буду тут.

Литература:

  1. Барысюк, В. П. «Бязглуздая зіма…» ; «Сарвецца вецер з дахаў птахам…»; «Поначы ў гэтым горадзе…» ; «Недзе побач яно…»; «Спрабуючы адхапіць…» ; «Чарговай вясной халоднай…» : [вершы] / Васіль Барысюк // Жырандоля : літаратурны альманах Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў. – № 2. Мінск : Кнігазбор, 2009. – С. 138–143.
  2. Барысюк, В. П. «Сненне і дождж начны…»: [верш] / Васіль Барысюк // Заря. – 2009. – 29 ноября.
  3. Барысюк, В. П. «Спрабуючы адхапіць…» ; «А мы не спраўдзілі надзеяў іхніх…» : [верш] / Васіль Барысюк // Заря. – 2006. – 28 января.
  4. Барысюк, В. П. «Жнівеньскі дождж вечаровы…»  : [верш] / Васіль Барысюк // Заря. – 2005. – 17 сентября
  5. Барысюк, В. П. Прысвячэнне на фоне ; «Года напрыканцы…» ; «Ты прагнуў спыніцца…» : [верш] / Васіль Барысюк // Заря. – 2007. – 6 января.
  6. Барысюк, В. П. Берасце : [верш] / Васіль Барысюк // Літаратура і мастацтва. – 2002. – 12 ліпеня (№ 27). – С. 9.
  7. Барысюк, В. П. «О, як добра было б…» : [верш] / Васіль Барысюк // Заря. – 2000. – 29 января.
  8. Барысюк, В. П. «Лашчыць вечар твае валасы…» : [верш] / Васіль Барысюк // Народная трыбуна. – 1999. – 6 сакавіка.
  9. Барысюк, В. П.  «За акном з двайною рамай…» ; «Прыйду да цябе…» : [вершы] / Васіль Барысюк // Заря. – 1999. – 4 февраля.
  10. Барысюк, В. П. «Мае каханне неспакойнае…» ; Берасце. 7 студзеня 1998 г.  : [вершы] / Васіль Барысюк // Заря. – 1998. – 14 апреля.
  11. Барысюк, В. П. «Лёгкі цень лятае па дарозе…»  ; Вечар з Маркесам ; «Вечар. Велікодныя званы…»  : [вершы] / Васіль Барысюк // Заря. – 1997. – 4 марта.
  12. Барысюк, В. П. «На ўскрайку могілак…» : [верш] / Васіль Барысюк // Народная трыбуна. – 1998. – 31 снежня.
  13. Барысюк, В. П.  К собственному юбилею ; «Адліга. Туманны морак…»  ; «Прыдумваю за цябе…» : [вершы] / Васіль Барысюк // Народна ятрыбуна. – 1998. – 5 снежня.
  14. Барысюк, В. П. «Увечары лашчыцца вільгаць…»  : [верш] / Васіль Барысюк // Заря. – 1995. – 14 ноября.
  15. Барысюк, В. П. Дзяўчына Восень : [верш] / Васіль Барысюк // Заря. – 1993. – 29 октября.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *