Нажмите "Enter" для перехода к содержанию

Бусько Николай

admin 0

Бусько Мікалай Іосіфавіч нарадзіўся
27 верасня 1940 года ў в. Пагарэлка Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці.
Памёр ў чэрвені 2023 года.

Першыя вершы Міколы Бусько былі надрукаваны ў карэліцкай раённай газеце «Полымя» і баранавіцкай міжраённай газеце «Знамя коммунизма» ў 1970 годзе. У рэспубліканскім друку ўпершыню дэбютаваў у часопісе «Маладосць» у 1978. Вершы публікаваліся ў зборніку «Дзень паэзіі», часопісах «Полымя», «Беларусь», «Вясёлка» і рэспубліканскіх газетах. Аўтар зборніка паэзіі «У Нёмна на плячах». Асноўныя матывы паэзіі М. Бусько – гераічная памяць народа, асэнсаванне вопыту і ўрокаў вайны і міру. Яго вершы памагаюць убачыць хараство Радзімы, яе прыроды, адчуць вялікую адказнасць маладога пакалення за гістарычную спадчыну краіны. Ім уласцівы лірычная спавядальнасць, багатая вобразнасць, цікавыя назіранні, трапныя дэталі, народжаныя мастакоўскім зрокам паэта. Напісаў кнігу для дзяцей «Ад галінкі да сучка – тэлефон у павучка». На верш «Белы вырай» К. Цесакоў напісаў песню. Жыў і працаваў у Баранавічах.

Веснавей 
 
Там, пад зрывістай стромай, 
Між кустоў маладых 
Днём варочаўся Нёман, 
Уздымаючы льды. 
 
Як асілак, на спіну 
Льдзіны склаў, 
А ўначы 
Разбіваў іх няспынна 
Ў далячынь несучы. 
 
– Глянь: зіма хапатліва 
Гоніць крыгі-плыты. 
Быццам конскія грывы – 
Над вадой чараты. 
 
Як сябрук, мне на плечы 
Сонца руку кладзе 
І ты ўжо халадэчы 
Не сустрэнеш нідзе. 
 
А тут, дома, ля хаты, 
Як шчанюк, на траве, 
Гурбы снегу заўзята 
Золкі вецер ірве. 
* * * 
Бераг. Будан паляўнічага. 
Тут пад наглядам планід 
Качкі нырцуюць за знічкамі – 
Страўніка моцны магніт. 
 
Сцежку латунную месяца 
Вечар праклаў на вадзе. 
Хвалі абцасамі месяцца – 
Вунь паляўнічы брыдзе. 
 
Пенным туманам, бы соладам 
Ночка ахутала плёс. 
3 сябрам – ніколі не холадна – 
Грэе спагадлівы лёс. 
 
Травы ад росаў зіхоткія: 
Пацеркі летняй пары. 
Тут заўсягды гэтак хочацца 
Цішы сябе падарыць. 
 
Лёцьма нясецца над Шчараю 
«Вух-вух» самотнай савы. 
Круціць вачамі бы фарамі – 
Мае агляд кругавы. 
 
Дзе валасамі-кудзеляю 
Засціць русалка прасцяг, 
Качкі з чыркамі там дзеляцца 
Радасцю светлай быцця. 
 
Поўня выразна мне бачыцца – 
Цень цераз фортку пранік. 
Там, над вадою, пазначыцца 
Раніцы добрай каснік.
Здарэнне 
 
Чую ў лёхах лесу 
Злых дзікоў «хруп-хруп»... 
Там далікатэсам 
Іх частуе дуб. 
 
Смеласць хутка чэзне – 
Лезу па суках. 
З рохканнем гарэзным 
Мой змяшаўся страх. 
 
І з вяршыні лёцьма 
Капае на дол 
Восеньская процьма 
Спелых жалудоў. 
 
А лясную спожыць, 
Што дуб напладзіў, 
Лета перамножыць 
На звярыны здзіў. 
 
Паглядзі: старанна, 
Ды ўжо не крадком, 
Лес апрацаваны 
Першым халадком.
На золку 
 
Смугой абвіты далячыні – 
Свет навакольны шчэ драмаў. 
І толькі дрэў сівых вяршыні 
Не пахаваліся ў туман. 
 
Дзень атрымаецца прыгожы! 
Да заклапочаных сялян, 
Світанак росны, пераможна  
Святло надзеі пасылай! 
 
Хоць і не ўся растала цемень, 
А ў прыбярэжных чаратах 
Мне рыфмаў свецяцца адценні 
І сэрца спевам цешыць птах. 
 
Світальны час я прывячаю! 
Ён над радзімай паўстае. 
Такой парой зямля звычайна 
Пра справы думае свае. 
 
Мяне заўсёды на работу 
Праводзіць ранак малады... 
Адно аб будучым турботы 
Я пры сабе нашу заўжды. 
Сузор’е Шаляў 
 
На ўлік не ставяць недавер, 
Не размываюць 
Браму тлуму, 
Я стосу вусцішных папер 
Даверыў 
Сталыя задумы. 
 
А свет зняверыўся? 
Чаму? 
Як бы і слова 
Не ў загоне. 
Злых беспарадкаў 
Каламуць 
Яшчэ дагэтуль не разгонім. 
 
Нас век падвёў? 
А мо іспыт?.. 
Зашмат пытальнікаў калючых. 
Наш паспаліта-крэўны быт 
Калі адвучымся 
               Не мучыць? 
 
Адкрыйся мне, 
О, Нёман мой! 
Айчынным рэкам родны бацька! 
Жывуць ідэі ўразнабой – 
І гэта небу 
Добра бачна. 
 
Вунь Млечны Шлях 
Запалавеў: 
Стагоддзяў прысак, 
Шлак, 
Руіны... 
Стаю, і чуецца павеў 
Часоў Вялікага Скарыны. 
 
Сузор’е Шаляў прасачу: 
Суладдзе стрэлак, 
Ход талковы. 
Вісіць Сусвет, 
А рыфмачу 
Звіняць аб тайнах дзеясловы. 
 
І неба зорамі звініць. 
Псалтыр раскрыў  
Апостал Павел... 
Той, 
Евангельскай чысціні 
Так нашым душам 
Не хапае. 
 
Празорцу нават і няўцям, 
Што лёс Зямлі – апека Шаляў. 
Мкне розум іншапланецян 
У нашы клопаты 
Ўмяшацца.

Литература:

  1. Бусько, М. У Немана на плячах : лірыка / Мікола Бусько. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1986. –78 с. –  (Першая кніга паэта)
  2. Бусько, М. Ад галінкі да сучка-тэлефон у павучка : вершы і казкі / Мікола Бусько. – Мінск : Юнацтва, 1993. – 54 с.
  3. Бусько, М. Сузор’е шаляў : вершы / Мікола Бусько. –  Мінск : Мастацкая літаратура, 1995. – 77 с.
  4. Бусько, М. Шасцікрылец Хмарагон : казка  / Мікола Бусько. – Мінск : Юнацтва, 1997. – 63 с.
  5. Бусько, М. Бабрыная навука : Скорагаворкі, загадкі, каламбуры, казкі  / Мікола Бусько. – Мінск : Юнацтва, 2001. – 141 c.
  6. Бусько, М. Сляды ад верасня / Мікола Бусько. – Мінск : Харвест, 2011. –  510 с. –  (Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі = Библиотека Союза писателей Беларуси).
  7. Бусько, М. У бары жывуць сябры : казка, апавяданні / Мікола Бусько. –  Мінск : Мастацкая літаратура, 2017. – 93 с.
  8. Бусько, М. Лясныя дзівосы : апавяданні, фантастычная аповесць : для дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту / Мікола Бусько. – Мінск : Народная асвета, 2019. – 125 с.
  9. Бусько, М. Казкі для Тараскі : [вершы] / Мікола Бусько // Дзядзінец. – Брэст, 1999. – С. 57 –60.
  10. Бусько, М. Шкляны мост : Загадкі з мінулага / Мікола Бусько // Літаратура і мастацтва. – 2010. – 1 кастрычніка. – С. 4.
  11. Бусько, М. Паштошка са сцежкі : абразкі  / Мікола Бусько // Маладосць. – 2009. – №11. – С.69.
  12. Бусько, М. Два апавяданні / Мікола Бусько // Літаратура і мастацтва. – 2005. – 11 лістапада. – С. 9.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *