Нажмите "Enter" для перехода к содержанию

Волосюк Леонид

admin 0

Валасюк Лявон (Леанід Хведаравіч) нарадзіўся 13 снежня 1955 года ў  в. Песцянькі Тэвельскага сельсавета  Кобрынскага раёна Брэсцкай  вобласці. З 1963 года жыве ў Брэсце. Тады ж  пайшоў вучыцца ў сярэднюю школу №16 на Граеўцы, якую скончыў у 1973 годзе. Працаваў на заводзе слесарам.

У 1974 – 1976 гг. служыў у Савецкай Арміі чарцёжнікам у штабе Паўднёвай Групы Войск у Будапешце (Венгрыя).
У 1981 годзе скончыў архітэкрурны факультэт Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута (цяпер – Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт).
Працаваў на розных пасадах ў Абласным   навукова-метадычным цэнтры культасветработы  і  народнай творчасці  Упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама. Потым была плённая праца мастаком-дызайнерам на шматлікіх прадпрыемствах горада, у тым ліку ў рэкламным камбінаце Аблспажыўсаюза, у Брэсцкім ЦУМе.
З’яўляецца сябрам грамадскіх аб’яднанняў  «Беларускі саюз мастакоў», «Саюз беларускіх пісьменнікаў».
Вершы пачаў пісаць з 5 класа. Першы надрукаваны верш з’явіўся ў абласной газеце «Заря» 22 кастрычніка  1982 года – «Озеро Гать» на рускай мове.
Вершы былі надрукаваны ў тыднёвіку «Літаратура і мастацтва»,  газетах «Літаратурная Беларусь», «Народная трыбуна», «Заря», «Брестский курьер», «Настаўніцкая газета», у калектыўных зборніках «Дзень паэзіі – 2005», «Ягамосць» (вершы-прысвячэнні Анатолю Сысу) (2009г.), у часопісах «Маладосць», «Полымя».
Проза – ў часопісах «Вожык», «Маладосць», «Дзеяслоў»; газетах «Літаратурная Беларусь», «Звязда», «Заря»,  «Народная трыбуна».
Аўтар зборнікаў вершаў  «Блики дня»(1999 г.),  «Краски души» (2000 г.),  «Под знаком Стрельца» (2001 г.), «Леаніды» (2003 г.), «Чырвоная вежа» (2004 г.), «Познія сны» (2006 г.), «Знакі на валуне» (2010 г.), «Вечаровы настрой» (2016 г.);  кніжак прозы «Сцежкі да сядзібы» (абразкі маленства) ( 2008г.), «Вяртанне Берасцейскай Стралы» (2012г.), кніга эсэ «Непрыдуманыя партрэты» (2014г.).
Лаўрэат Берасцейскай  абласной мядовай  літаратурнай прэміі за кніжку абразкоў маленства  «Сцежкі да сядзібы» ( 2008 г.).

Матчына сонца
 
З-за хаты выглянула сонца.
Нарэшце новы дзень настаў...
Я маці на падворку ўбачыў, –
Далоні ўсход ёй цалаваў.
 
Душу люляла асалода:
Я побач з маці, на двары!
І выпраменьвалі лагоду
Лугі, палеткі і бары.
Падарунак буслоў
 
Чорна-белае пёрка
Пакінуў мне на ўспамін
Стары дзедаў бусел...
 
Ён зверху паглядаў
На мой прыезд
Да старой сядзібы.
 
Малыя бусляняты
Віталі шумам крылаў,
Ледзь чутным клёкатам.
 
Ім з вышыні лепей відаць,
Каго адораць
Перайкам чорным
Ці перайкам белым.
Свята паэзіі
на бульвары Тараса Шаўчэнкі
 
Спяшаюся да ракі Мухавец...
У спякотны час
Белае сонца кліча
Да вады, да кнігарні
І да бібліятэкі...
 
Празрыстыя аблокі
Ляцяць і ляцяць да небакраю,
Да маўклівых паэтаў і паэтак,
Якія з далёкай прасторы
Назіраюць з сумам за намі,
Грэшнымі вершатворцамі...
Берасцейскі сон 

Зноў на Шпітальны востраў цень упаў 
Манашкі Бернардзінскага кляштара… 
А ў гэты час мой горад спаў, 
Спаў вартавы між мураў, траў…
Салодкіх сноў.

…Мацней, гучней варожых коней хрып.
I грукат капытоў, і звоны джалаў-дзідаў… 
Блішчаць сякеры, бразгаюць мячы, 
Губляюць вершнікаў натомленыя коні…

Ужо кроў цячэ… I сонны вартавы 
Ўжо нешта крыкнуў з стромкай вежы… 
Крычу і я. I гук ляціць, чапляецца 
За лес, за хвалі, чараты і дрэвы.

I вастрыё чужынскага кап'я
Палохае і слепіць, бы сонца апякае раны… 
Манашкі цень спалоханы прапаў, 
Нібыта хмаркі сціплая фіранка.

…Напэўна, моцна я ў пакоі спаў, – 
Не бачыў ля ракі чужынцаў ранкам.
Зноў я дома 

Зноў я дома!
У доме старым 
Чакаюць успаміны.

У цішы роднага дома, 
У душэўным спакоі 
Дыхаю паветрам свабоды 
I ўтульнасці.

Галасы маіх продкаў 
Захоўваюць мяне 
Ад неспакою.

Я – дома!

Литература:

  1. Валасюк, Л. Леанiды : вершы / Лявон Валасюк. – Брэст : Выдавецтва С. Лаўрова, 2003. – 105с.
  2. Валасюк, Л. Чырвоная вежа :  вершы / Лявон Валасюк. – Брэст : ПУП «Издательство Академия», 2004. – 92 с.
  3. Валасюк, Л. Познiя сны : вершы i проза / Лявон Валасюк. – Брэст : Академия, 2006. – 97с.
  4. Валасюк, Л. Сцежкi да сядзiбы : абразкi маленства / Лявон Валасюк. – Брэст : ААТ «Брэсцкая друкарня», 2008. – 111с.
  5. Валасюк, Л. Знакi на валуне : выбранае : новыя вершы / Лявон Валасюк. – Брэст : ААТ «Брэсцкая друкарня», 2010. – 114 с.
  6. Валасюк, Л. Вяртанне берасцейскай стралы : раманы i аповесцi,апавяданнi i абразкi / Лявон Валасюк. – Брэст : ААТ «Брэсцкая друкарня», 2012. – 295 с.
  7. Валасюк, Л.  Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2014. – 283 с.
  8. Валасюк, Л.  Вечаровы настрой : вершы / Лявон Валасюк. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2016. – 119 с.
  9. Валасюк, Л.  Далёкая сядзіба : (абразкі маленства) / Лявон Валасюк. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2018. – 139 с.
  10. Леанід Валасюк = Леонид Волосюк = Leonid Volosiuk : [жывапіс, графіка : альбом / аўтары тэкстаў: М.А.Аляксандраў, В.С.Зубовіч. – Брэст : Академия, 2005. – 79 с.
  11. Валасюк, Л. Свастыка : апавяданне / Лявон Валасюк // Жырандоля : літаратурны альманах. № 9. – Мінск : Кнігазбор, 2017. – С. 47–49.
  12. Валасюк, Л. Род; Старажытнае Бярэсце ; Межавы слуп ; Белы горад; Брэст. ХІХ стагоддзе ; Лістапад над Берасцем ; Рэха : [вершы] / Лявон Валасюк // Жырандоля : літаратурны альманах. № 7. – Мінск : Кнігазбор, 2015. – С. 9–12.
  13. Валасюк, Л. Прыгажуня ; Вежа; Букет : [вершы] / Лявон Валасюк // Жырандоля : літаратурны альманах Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў. № 1. – Мінск : Кнігазбор, 2008. – С. 205.
  14. Валасюк, Л. Восень патрыярха ; «Сніўся мне сон красавіцкі…»; Вяртанне на радзіму : [вершы] / Лявон Валасюк // Жырандоля : літаратурны альманах Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў. № 1. – Мінск : Кнігазбор, 2008. – С. 77–79.
  15. Валасюк, Л. На мяжы цішыні : [верш] / Лявон Валасюк // Заря. – 2020. – 4 апреля (№ 28). – С. 15.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *