Нажмите "Enter" для перехода к содержанию

Дудюк Зинаида

admin 0

Дудзюк Зінаіда нарадзілася на Браслаўшчыне, з 1968 года жыве ў Брэсце, скончыла Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут і Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літаратурным інстытуце імя М. А. Горкага ў Маскве. Працавала інжынерам, журналістам, загадчыкам літаратурнай часткі драмтэатра.

Аўтар сямі зборнікаў вершаў, паўтара дзесятка кніг мастацкай і дакументальнай прозы, у тым ліку раманаў «Год 1812», «Кола Сварога», «Велясіты», «Слодыч і атрута», «Гонды»; на рускай мове выйшли раманы «Гонка за волком», «Сотворение», «Год 1812». Выдала таксама некалькі зборнікаў драматычных твораў і казак для дзяцей, пераклала на беларускую мову  камедыю Яна Ходзькі «Вызваленая Літва, Або пераход цераз Нёман» і казку «Канёк-гарбунок» П. Яршова.
Прапануем увазе чытачоў падборку вершаў з новага зборніка выбраных твораў З. Дудзюк «Прадзіва».

Стихи в авторском исполнении:

РОД
 
Разнесла віхура род мой па свеце
І неяк жыве ён, дзе сонейка свеціць,
Дзе плачуць дажджы па пакінутых хатах.
А хто вінаваты? Няма вінаватых…
 
Ці ваявалі – у зямлі спачывалі,
Ці цаліну на гарбах падымалі.
Магіл вашых шмат ад Берліна да Омска.
Што гэта? Доля, кара ці помста?
 
Род мой раскіданы,
Як бы сабрацца за доўгім сталом
Ды па-брацку абняцца.
Пагаманілі б пра ўсё без прынукі,
Па родных абліччах пазналі б унукаў…
 
Толькі разнесла віхура мой род,
Уліўся ён сціпла ў нейкі народ,
Нават не ведаю, скуль каго клікаць
Сталі чужыя ў сям’і мы вялікай.
ПРАДВЫЗНАЧЭННЕ 

Гарачыня стаміла млявы дзень. 
Шукаюць людзі хто дзе прахалоды, 
А павучок прадзе сабе, прадзе 
Да самазабыцця і асалоды.

Ён мае нейкі патаемны план, 
Яму спыняцца нельга ні на момант. 
Злучаюцца нябёсы і зямля 
Ягонай працай тонкай і нястомнай.

Снуе сваю дамоўку ад відна, 
Не ведаючы іншага памкнення. 
Няхай навокап пошасць ці вайна – 
Выконвае сваё прадвызначэнне.
ЗОРНЫ ПАЛЯЎНІЧЫ

Тваё «лаў ю» падобна на «лаўлю».
А зрэшты, што ж, лаві! Ты паляўнічы!
І да цябе злятаюцца ўсе знічкі,
Як у гаёк вясновы салаўі.
 
Ды мне пара збірацца ў родны край,
Дзе шчодра асыпаюцца ранеты.
Пераляцець патрэбна паўпланеты,
Хоць кажуць: дзе каханне, там і рай.
 
Такая неабдымная зямля!
На жаль, належым розным кантынентам.
Пачуцці не змяшчаюцца ў канвертах,
Пра што маўчым, забудзецца пасля.
 
Вачэй бы не адводзіць ад цябе…
Але бывай, мой зорны паляўнічы,
І нехта іншы нашы знічкі злічыць.
Нашто шчаслівым нам яны цяпер?
 
На развітанне мушу я сказаць,
Што сёння мне бязвоблачна і сумна…
А ты такі прыгожы і разумны…
Ды існасць не ва ўсмешках і слязах.
 
Яна жыве сярод звычайных слоў,
Будзённых спраў і тлумнасці турботнай.
Яна насцігне нас аднойчы ўпотай
Далёкай згадкай ці нязбытным сном.
* * * 

Заблудзілася сонца ў соснах, 
Забрыло ў непралазны гушчар, 
Ды святлом жыццядайным дзівосна 
Асвятляла стамлёны абшар.
Хоць яно паспяшала на захад, 
Але ўсё ж на зыходзе дня 
Не наводзіла прымхліва страху, 
А імкнулася свет абняць.

Што ж, у сонца наперадзе вечнасць, 
Столькі ж, пэўна, часу ў зямлі.
А па мерках маіх чалавечых 
Мы як быццам яшчэ не жылі. 
Аддаёмся турботам і справам, 
Спадзяёмся на ўдачу і плён, 
Ды, на жаль, не ведаем нават, 
Колькі нам адмерана дзён.
БЭЗ
 
Калісьці суседка Аршуля,
Спяваючы ціха сабе,
Вышыла мужу кашулю,
Хораша, крыжыкам – бэз.
 
Як муж пад Берлінам загінуў
(Праклён крыважэрнай вайне!)
Кашуля дасталася сыну,
Ды хутка ён вырас з яе.
 
І рынуўся хлопец па шчасце
Ад Брэста ажно да Курыл.
Імчаўся, імчаўся, імчаўся,
Нядоля спяшала за ім…
 
Ні сына, ні мужа ў Аршулі,
Смуткуе старае ў жальбе.
І выцвіў ад слёз на кашулі
Вышыты крыжыкам бэз.
 
Аршуля пайшла ўслед за сынам,
Хавалі бабулю ў журбе.
Каля ссірацелай хаціны
Цвіце хмельна ваодарны бэз.
ЖАДАННІ

 Стань чарай шчасця – не тугі.
О, развініся мне бутонам!»
Жыву я слоў крыштальным звонам:
«Жаданы, любы, дарагі!..»
                  Васіль Жуковіч
 
Стань кубкам поўненькім віна!
Такое смешнае жаданне!
Цябе я выпіў бы да дна
У гонар нашага спаткання.
 
Стань торбай, поўнаю рублёў!
(Такое глупства заманецца!)
Тваім я буду каралём,
Адданым і душой і сэрцам.
 
Кім хочаш стань, хаця б сталом,
Дзе мора закусі і піва.
Каб гэта так усё было,
Як зажылі б з табой шчасліва!
У ПАРЫЖЫ
 
Парыжскі дзень іскрыцца ў сонцы,
І зімы тут – не нашы зімы.
А мне хай снег ідзе бясконца,
Каб толькі снег той – на Радзіме.
                       Анатоль Зэкаў
 
Ледзь у Парыжы дзень пражыў,
Усё не так, як маю дома.
Дзе нашы доўгія дажджы?
Душа смуткуе падсвядома.
 
Дзе нашы гурбы да платоў,
Дзе нашы перуны, маланкі?
Я ўжо дамоў ляцець гатоў,
Няма ратунку мне ад ранку.
 
Спакой мой беларускі знік –
Сніў усю ноч былыя сцежкі!
Падайце зараз жа цягнік,
Інакш пайду дадому пешкі!
НАТАЛЕННЕ

Замясіўшы крута змрок
З ліўнем і азонам,
Спеліць лета кіслы сок
Доўга ля Расонаў.
                  Генадзь Пашкоў
 
Лета – дзіўная пара,
Запасешся сокам,
Часам мала і вядра,
Поўнага, як вока.
 
Што да восені,
Яна – дбайная кабета,
Выпівае ўсё да дна,
Што нацэдзіш летам.
 
Як заявіцца зіма
Ды з марозам звонкім,
Выйсця тут ужо няма –
Варым самагонку.
 
Да вясны так-сяк дажыць,
Ну, а там раздолле:
І дажджы і капяжы –
Наталяйся ўволю!

Литература:

  1. Дудзюк, З. Праводзіны птушак : вершы / Зінаіда Дудзюк.  Мінск,39 с.
  2. Дудзюк, З. Абрысы лета : вершы / Зінаіда Дудзюк. Мінск,95 с.
  3. Дудзюк, З. Так і не : вершы / Зінаіда Дудзюк. Мінск, 1993. 189 с.
  4. Дудзюк, З.
  5. Дудзюк, З. Табе : вершы і паэма / Зінаіда Дудзюк.  Брэст, 2000. 87 с.
  6. Дудюк, З. Люди и годы : документальный очерк. Брестский центральный универмаг / Зінаіда Дудзюк. Брест,148 с.
  7. Дудзюк, З. Чароўнае слова / Зинаида Дудюк.  Мінск, 2001. 127 с.
  8. Дудзюк, З. Шляхамі адвечнага слова / Зінаіда Дудзюк / Мастак А. Вярышка. Брэст,60 с.
  9. Дудзюк, З. Падданыя кахання : драматычная паэма, вершы / Зінаіда Дудзюк.  Мінск, 2003. 138 с.
  10. Дудзюк, З. Год 1812 : раман / Зінаіда Дудзюк. Брэст, 2004. 312 с.
  11. Дудзюк, З. Кола Сварога : аповесць-хранограф / Зінаіда Дудзюк.  Мінск, 2006. 291 с.
  12. Дудзюк, З. Зачараванасць тэатрам / Зінаіда Дудзюк. Мінск, 2005. 172 с.
  13. Дудзюк. З. Берасцейская мелодыя : п’еса ў дзве падзеі / Зінаіда Дудзюк. Брэст. 2009. 58 с.
  14. Дудзюк, З. Дарунак : вершы / Зінаіда Дудзюк.  Брэст, 2010. 112 с.
  15. Дудзюк, З. Аднарог / Зінаіда Дудзюк.  Мінск,  2010. 288 с.
  16. Дудзюк, З. Леў : гістарычны нарыс / Зінаіда Дудзюк.  Мінск, 2011. 192 с.
  17. Дудюк, З. Гонка за волком / З. И. Дудюк.  Минск, 2012. 448 с.
  18. Дудзюк, З. Канікулы на астэроідзе : п’есы-казкі / Зінаіда Дудзюк.  Мінск, 2012. 151 с.
  19. Дудзюк, З. Непамернае багацце : эсе / Зінаіда Дудзюк.  Брэст, 2012. 81с.
  20. Дудзюк, З. Выжыць на дарозе смерці : успаміны / Зінаіда Дудзюк.  Мінск, 2013. 260 с.
  21. Дудзюк, З. Вяртанне забытага міфа / З. І.  Дудзюк.  Мінск, 2013. 141 с.
  22. Дудзюк, З. Слодыч і атрута : раман / З. І. Дудзюк.  Мінск, 2013. 397 с.
  23. Дудзюк, З. І.Прадзіва : выбраныя творы / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : Мэдысонт, 2015. – 209 с.
  24. Дудзюк, З. І. Гістарычныя драмы : п’есы / Зінаіда Дудзюк. – Брэст : Альтернатива, 2016. – 195 с.
  25. Дудзюк, З. І. Лаза : раман / Зінаіда Дудзюк. – Брэст : Альтернатива, 2016. – 445 с.
  26. Дудзюк, З. І. Гонды : раман, аповесць, апавяданні / Зінаіда Дудзюк. – Брэст : Альтернатива, 2018. – 191 с.
  27. Дудзюк, З. І.На парозе раю : аповесці, кінааповесці, апавяданні / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : Чатыры чвэрці, 2018. – 327 с.
  28. Дудзюк, З. І. Закон захавання кахання : аповесці / Зінаіда Дудзюк. – Мінск : Чатыры чвэрці, 2019. – 233 с. – (Жаночыя лёсы).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *