Нажмите "Enter" для перехода к содержанию

Ляшкевич Ирина

admin 0

Ляшкевіч Ірына Мікалаеўна – паэтка, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў (2004 г.), настаўніца музыкі ў Мачульскай  школе, кіраўнік ўзорнага дзіцячага фальклорнага аб’яднання  «Згадка», краязнавец, збіральніца і выканаўца старадаўніх палескіх песень.

Нарадзілася ў 1969 годзе ў  вёсцы Мачуль на Століншчыне, што размешчана ўздоўж ракі Моўства. Дзіцячае захапленне  прыгажосцю палескіх краявідаў, асяродак  сям’і, дзе гучалі колішнія песні, шанаваліся традыцыі, захоўвалася памяць аб продках-носьбітах шляхецкага прозвішча Ляшкевіч Зяновіч Альпенскія – усё гэта паспрыяла моцнаму знітаванню Ірыны Ляшкевіч з роднай вёскай. Пасля заканчэння школы і атрымання вышэйшай эканамічнай адукацыі, яна вярнулася дадому, каб знайсці сябе тут, на радзіме продкаў, і расказаць свету  праз сваю паэзію, як жыла і чым жыве сучасная палеская вёска, чым наталяецца ў ёй творчая душа паэткі. Вершы  Ірыны Ляшкевіч былі адзначаны трэцяй прэміяй на рэспубліканскім літаратурным конкурсе «Дэбют» у 1998 годзе, а ў 2000 годзе выйшаў зборнік паэзіі  «Сувой»  у «Бібліятэчцы часопіса «Маладосць». Гэты ж зборнік атрымаў у 2013 годзе украінскую літаратурную прэмію імя Пятра Красюка як найлепшы зборнік паэзіі. У 2018 годзе Ірына Ляшкевіч перамагла ў Літаратурным конкурсе на прызы «Амерыканкі» за лепшы верш пра каханне.
Творы Ірыны Ляшкевіч друкаваліся ў часопісах «Маладосць», «Крыніца», «Роднае слова», берасцейскім альманаху «Жырандоля», ва ўкраінскім альманаху «Бурштынавы край», у «ЛіМе», у перыядычных  рэспубліканскіх  выданнях.
Паэтка працягвае традыцыі беларускага настаўніцтва і беларускай вясковай літаратуры.

* * *
Вас я чакала, пэўна, Вас… 
Калі апошні промень згас 
Малінавага дня. 
А шаты неба нада мной
І вечар сіняю сцяной – 
Найблізкая радня. 
Вам я шаптала, пэўна, Вам
Кахання словы, а багам –
Малітвы ўдзячнасці.
Там сцежка вузкая ў траве,
І вэлюмам туман плыве, 
Хвіліны шчаснасці. 
Вы ўсё ж былі, напэўна, Вы…
Зляцелі гусі на ставы 
З нябёс анёламі.
Пяшчотнасць Вашых вуснаў, рук…
А сведкі – той магутны дуб,
Жаўрук над сёламі.
* * *
Ці гэта сон? Ці лёс жартуе?
…Яна ступіла на парог.
Як закаханасць ёй пасуе
І позірк светлы без трывог!
 
І думаць нават не захочаш, 
Дзявочай згублены красой,
Што прыйдзе пасля грэшнай ночы
Самотны ранак са слязой.
 
Растане сон блакітнай птушкай.
Праменяў лёгкія сляды 
Спадуць на цёплую падушку,
А фея знікне назаўжды.
* * *
Мне важна ведаць, што Вы ёсць
У гэтым тлумным, шэрым свеце, 
Што ў Вашым сэрцы я не госць,
Як нечаканы снег на квецень.
 
Што ў вашым сэрцы я – вясна…
З вясной пяшчота і надзея.
Я – ноч жаданняў да відна. 
Я – цёплы промень, я сагрэю.
 
Мне трэба ведаць, што Вы ёсць,
Такі сапраўдны ў маёй мары.
Ваш светлы позірк, маладосць
Ці адшукаю ў нечым твары?
* * *
Каханне малітвай назвала.
Душы патаемнасць – алтар.
Я Вашай самотаю стала,
А Вы – мой прытулак для мар.
 
У дождж навальнічны спатканне.
Між сполахаў грозных з-за хмар
Для Вас я нябёсаў насланне,
А Вы – мой нязгасны пажар.
 
Сустрэч і расстанняў аповесць 
Слязою-расой арабін.
Для Вас я ўсяго выпадковасць, 
А Вы – мой найсветлы ўспамін.
* * *
Не ад шчасця паэтка пяе…
Ёй самота падказвае ноты.
І бяссонныя ночы яе – 
Хваляванняў і мрояў палёты.
 
А ад шчасця слязінкі з вачэй 
І ад радасці светлай з табою. 
Да тваіх прыхінуся плячэй
Пад вясновай пахілай вярбою.
 
І найлепшыя рыфмы свае 
Прашапчу я адзінаму ўпотай.
Нам кахання заўжды не стае.
Я кахання развучваю ноты.

Литература:

  1. Ляшкевіч, І. «…Домоў ворочайса» : [апавяданне] / Ірына Ляшкевіч // Жырандоля : літаратурны альманах. № 10. – Мінск : Кнігазбор, 2018. – С. 43–47.
  2. Ляшкевіч, І. М. «Вас я чакала, пэўна, Вас…»; «Ці гэта сон? Ці лёс жартуе?…» ; «Мне важна ведаць, што вы ёсць…» : [вершы; біяграфічныя звесткі] / Ірына Ляшкевіч // Жырандоля : літаратурны альманах. № 10. – Мінск : Кнігазбор, 2018. – С. 5–7.
  3. Ляшкевіч, І. Кава і вершы ў пасцель ; «Яшчэ ўладарыць сон над тваім целам…» ; «Буду сніць цябе зорнаю ноччу…» : [вершы; біяграфічныя звесткі] / Ірына Ляшкевіч // Жырандоля : літаратурны альманах.  № 9. – Мінск : Кнігазбор, 2017. – С. 3–4.
  4. Ляшкевіч, І. М. Трыялет ; «Я блукала па ўсіх раздарожжах…» ; «Недзе за вёскаю статак…» ; «Вярбовая дарога да сяла…» ; «Не ад шчасця паэтка пяе…» : [вершы] / Ірына Ляшкевіч // Жырандоля : літаратурны альманах Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў. № 1. – Мінск : Кнігазбор, 2008. – С. 119–121.
  5. Ляшкевіч, І. М. «Вып’ю каву, што чарней за Вашы вочы…»; «Снежань…»; Купальскае : [вершы] / Ірына Ляшкевіч // Жырандоля : літаратурны альманах.  № 7. – Мінск : Кнігазбор, 2015. – С. 35–38.
  6. Ляшкевіч, І. Хвіліны шчаснасці : [цыкл вершаў] / Ірына Ляшкевіч // Новы Час. – 2018. – 26 кастрычніка (№ 39). – С. 11. – (дадатак: Літаратурная Беларусь ; № 10)
  7. Ляшкевіч, І. «Салаўіныя пошчакі-свісты…» ; «Я анёлкам прыкрыю фіранку…» ; «Развітаецца травень калінаю белай…» ; Поўня ; «Жанчыны песню завязалі…» ; «Кажуць, сёння зорныя дажджы…» ; «За травамі , за цудадзейным зеллем…» : [вершы] / Ірына Ляшкевіч // Заря. – 2017. – 20 июля (№ 80). – С. 19.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *