Нажмите "Enter" для перехода к содержанию

Нарейка Анастасия

admin 0

Нарадзілася 28 кастрычнiка 1986 года ў горадзе Маладзечна. Скончыла Маладзечанскую беларускую гімназію, дзе выкладанне вялося выключна на роднай мове. Менавіта гэта ды яшчэ кнігі, без якіх не ўяўляла свайго жыцця, абумовілі імкненне да творчасці. Свой першы верш напісала ў 10 гадоў, і называўся ён «Мая Беларусь».

У 2009-м скончыла Інстытут журналістыкі БДУ па спецыяльнасці «Літаратурная работа. Журналістыка», па размеркаванні трапіла ў рэдакцыю камянецкай раённай газеты «Навіны Камянеччыны», дзе і працуе цяпер адказным сакратаром.
Друкавалася ў «Маладзечанскай газеце», «Раніцы», «Бярозцы», «Вясёлцы», «Першацвеце», «Навінах Камянеччыны», «Заре», «Літаратуры і мастацтве», «Маладосці» і «Полымі».
Творы аўтаркі ўвайшлі ў чатыры калектыўныя зборнікі: «Сила слабости» (жаночая паэзія Брэстчыны), «ЛітАўра» (творы паэтаў і пісьменнікаў Брэстчыны), «Кахаць і верыць» (апавяданні маладых пісьменнікаў Беларусі) і «Скажы, што кахаю».
Напрыканцы 2013 года пабачыла свет першая кніга вершаў «Магдэбургскае права маёй душы» (У 2017 годзе за яго Анастасія ўзнагароджана прэміяй аблвыканкама імя Уладзіміра Калесніка). Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Магдэбургскае права тваёй душы
 
Ты не лічышся нават са мной.
Ты смяешся і робіш, як хочаш.
Я забыла пра сон і спакой,
Бо штурмую цябе дні і ночы.
 
Ты расставіў па вежах салдат,
А твой мост пад’язны, як прыбіты.
Не зраблю я і кроку назад.
Не чакай. Мы з табою спавіты.
 
Не жадаеш і слухаць мяне?
Мой адчай. Мой кароль ашалелы.
Не кахаеш? То гэта міне.
І ляцяць легкакрылыя стрэлы.
 
Апушчу, як у сне, арбалет.
Мне нашто заваёўніцы слава?
За цябе я аддам цэлы свет.
Клята будзь, магдэбургскае права!
Восень вярнулася…
1.
Кліча мяне Тураў халоднай ноччу,
Клічуць Гальшаны, Мір і Гародня, Нясвіж,
Кліча Наваградак, Полацак кліча – я крочу,
Пакуль не застыне душа там, дзе сцежкі, як крыж.
 
Клічуць мяне галасы – прачынаюся ў жаху.
І збавення няма, і няможна збавення займець.
Далоньку кладзе за мяне на бяссонніцы плаху
Маленькі лісточак асенні, чырвоны, як медзь.
 
2.
Восень вярнулася. Восенню мне не спіцца,
Восенню трэба ісці па кладах і слядах,
Восенню трэба на сцены і кнігі маліцца,
Восенню трэба блукаць па старых гарадах.
 
Восенню сны і пыллё атрасае гісторыя,
Восенню бітва вякоў паўтараецца зноў,
Восенню да слепаты узіраюся ў зоры я,
Восенню стогне ў жылах мінулага кроў.
 
Пэўна, таму клічуць яны толькі восенню,
Восенню, пэўна, таму адкрываюцца раны.
Кляновы лісточак ляжыць не мядзяны, а з просінню.
Літасці не існуе. І не трэба, Гальшаны.
Максіму
 
1.
Ты назаві Веранікай мяне.
Ты назаві.
Ціха насоўку тваю падніму
Ўсю ў крыві.
Ціха ў празрыстыя вочы зірну.
Там – іншасвет.
Нехта сказаў: ты сыходзіш ужо.
А запавет?
Верш застанецца, слабое рукі
Росчырк адзін.
Слова адно застанецца яшчэ.
Слова-палын.
Слова адно, што мацней ад усіх
Велічных слоў.
Слова адно – Вераніка. Яно
Ў сэрцы ізноў.
Гэта імя мне, на жаль, не насіць.
Мары як дым.
Думаеш рэўнасць з’ядае мяне?
Справа не ў тым.
Справа ў віне, што спазнілася я
З веснім «жыві».
Ты Веранікай мяне назаві.
О, назаві…
 
2.
Сухоты прыходзяць да тых,
Хто дыхаць хацеў
Да дна,
Бы ў келлі зачынены мніх,
З якім – малітва
Адна.
 
Сухоты прыходзяць да тых,
Чый голас усім –
Арган,
Чый голас ліецца з кніг,
Як кроў з непрамытых
Ран.
 
Сухоты прыходзяць да тых,
Каго душылі
Дарма.
Не знішчыць песень жывых,
А мёртвых – павер –
Няма.
 
Сухоты. І мора сінь.
Ты дыхай. Жыві!
Жыві…
Ты кніжку сваю пакінь –
«Вянок»
З жыцця і любві.
 
3.
Я гляджу на цябе і адно
Разумею даўно незвычайна.
Што кахаю цябе даўно.
Што кахаю цябе адчайна.
Мне да болю цябе не стае.
Ну і што? – Не апошняя, не першая.
І няварты ўсе вершы мае
Твайго – адзінага – верша.
* * *
Па зледзянелых сходах – да ўзнясення.
Па лесвіцы забытай, вінтавой
Іду наверх, і жорсткае сумленне
Звівае ўсе грахі ў адзін сувой.
 
На самую вяршыню гонкай вежы,
Туды, дзе час ператварыўся ў вецер,
Туды, дзе чалавек сабе належыць,
Сабе і анікому больш на свеце.
 
Іду. І адзінотаю спрадвечнай
Мне пахнуць камяні, метал і дрэва.
Глухой сцяны, хваробы невылечнай
Цягну ярмо. І кроў, і боль, і Крэва.
 
Мой Крэўскі замак! Унія і сэрца.
Я – мёртвая, як спаленая кніга.
Хай кнігі не гараць! Не азавецца
Душа мая. Я болей не Ядвіга.
 
Я – не Ядвіга! Вецер – я! І толькі.
Ты ахвяруй гісторыі другую.
Ідзі. Цябе не клікала. Ніколькі.
Я не люблю цябе. Я варагую.
 
Я – вораг твой! Я болей не Ядвіга.
Я не баюся смерці анізвання.
Я – ерась, забароненая кніга.
Не заключыць, як унію, каханне.
 
На вежы, між зубцоў, на самым краі
Вазьму ЯГО руку замест тваёй.
Мой Бог чужы, цябе я выбіраю.
А унія? І што? Ды д’ябал з ёй!
* * *
Ты адзіны мой, Богам дадзены.
Ты радзінны мой, а не крадзены.
 
Ты спрадвечны мой, векапомны мой.
Ты бясспрэчны мой і нязломны мой.
 
Ты – жыццё маё, ты – мой снег сівы.
Ты – маё жніўё, ты – мой меч крывы.
 
Ты – вясла крыло, ты – вятрак стары.
Ты – нябёсаў шкло, гарадоў муры.
 
Ты – палёў абсяг, ты – зубрыны крок.
Ты – жыцця працяг, ты – жыцця урок.
 
Ты бяздонны мой, ты бяссoнны мой,
Ты палонны мой, ты загонны мой.
 
Ты калючы мой – ты бяззбройны мой.
Ты балючы мой. Незагойны мой!
 
Ты адзіны мой. Сярод воўчых зграй.
Ты глыбінны мой… Ты – мой родны край.

Литература:

  1. Нарэйка, Н. М. Магдэбургскае права маёй душы : вершы / Настасся Нарэйка. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2013. – 106 с.
  2. Нарэйка, Н. М. «Ты сядзеш насупраць…» ; «Ты можаш…» ; Сёмы яблык ; Мой чорны абеліск ; «Голыя галіны…» : [вершы; біяграфія] / Настасся Нарэйка // Берасцейская скарбніца : альманах / рэдактар-укладальнік С. С. Мартынюк.  Выпуск 1. – Брэст : Альтернатива, 2018. – С. 19–27.
  3. Нарэйка, Н. «Каханнем сваім ува мне ты народзіш паэта» : [цыкл вершаў] / Настасся Нарэйка // Літаратура і мастацтва. – 2020. – 12 чэрвеня (№ 22). – С. 8.
  4. Нарэйка, Н. «Я засынаю, седзячы над кнігай…» : [верш] / Настасся Нарэйка // Літаратура і мастацтва. – 2020. – 17 красавіка (№ 15). – С. 13.
  5. Нарэйка, Н. М. Я заўтра растану, а сёння люблю … : [вершы] / Настасся Нарэйка // Маладосць. – 2019. – № 5. – С. 37–39.
  6. Нарэйка, Н. М. «На рацэ – крыгаход…» ; «У садзе вільготным…» : [вершы] / Настасся Нарэйка // Літаратура і мастацтва. – 2019. – 31 мая (№ 21). – С. 8.
  7. Нарэйка, Н. М. Вазьмі сваю свяцільню / Настасся Нарэйка // Маладосць. – 2018. – № 12. – С. 26–32.
  8. Нарэйка, Н. Максіму : [вершы, прысвечаныя Максіму Багдановічу] / Настасся Нарэйка // Літаратура і мастацтва. – 2018. – 7 снежня (№ 48). – С. 8.
  9. Нарэйка, Н. М. Кахаеш, як жывеш : [вершы] / Настасся Нарэйка // Полымя. – 2018. – № 10. – С. 86–89.
  10. Нарэйка, Н. М. Вернасць і вечнасць : апавяданне / Настасся Нарэйка // Літаратура і мастацтва. – 2018. – 6 ліпеня (№ 26). – С. 9.
  11. Нарэйка, Н. М. Мой чорны абеліск ; «Мой абветраны сад… ; «Голыя галіны…» : [вершы] / Настасся Нарэйка // Літаратура і мастацтва. – 2018. –15 чэрвеня (№ 23). – С. 8.
  12. Нарэйка, Н. «Ты сядзіш насупраць…»; «Ты можаш…»; Сёмы яблык : [вершы] / Настасся Нарэйка // Літаратура і мастацтва. – 2018. – 16 сак. (№ ). – С. 10.
  13. Нарэйка, Н. Навагоднія суніцы : апавяданне / Настасся Нарэйка // Маладосць. – 2017. – №12. – С. 27–31.
  14. Нарэйка, Н. Маленькая скрыпачка : апавяданне / Настасся Нарэйка // Літаратура і мастацтва. – 2017. – 29 снежня (№ 52). – С. 10.
  15. Нарэйка, Н. Вогненная кветка : апавяданне / Настасся Нарэйка // Літаратура і мастацтва. – 2017. – 23 чэрвеня (№ 25). – С. 9.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *