Нажмите "Enter" для перехода к содержанию

Тоболич Адам

admin 0

Таболіч Адам нарадзіўся 20 ліпеня 1960 года у вёсцы Палосцевічы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Працаваў рабочым у саўгасе «Ленінскі», затым служыў у арміі, пасля чаго працаваў на Лунінецкім заводзе электрарухавікоў. Са школы захапляўся літаратурай, цікавіўся журналістыкай.

Першыя творы з’явіліся ў Жыткавіцкай раённай газеце. Як пазаштатны аўтар супрацоўнічаў з рэгіянальным друкам, падчас службы публікаваўся ў ваенным друку. У 1986 годзе стаў журналістам рэдакцыі Лунінецкай раённай газеты «Ленінскі шлях» (цяпер «Лунінецкія навіны»). У 1993 годзе скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і пачаў працаваць у абласной газеце «Заря». Быў членам Беларускага саюза журналістаў, неаднаразова перамагаў у творчых спаборніцтвах сярод журналістаў і СМӀ Брэстчыны. Пісаў вершы, малую прозу; гумарыстычныя і сатырычныя творы, публіцыстычныя артыкулы. Друкаваўся ў раённых газетах, альманаху «Лунінецкі сшытак», брэсцкіх абласных газетах «Заря» і «Народная трыбуна», рэспубліканскіх перыядычных выданнях «Звязда», «Сельская газета», «Народная газета», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісе «Першацвет», калектыўных зборніках «Натхненне» (2004), «Брэстчына вачыма журналістаў» (2005), «Диалектика журналистской души» (2007), «Память журналистских строк» (2016). Памёр 26 чэрвеня 2016 года.

Незабыўнае

Раўнадушшам і спакоем
я не жыў ніколі.
Сябраваў са Случ-ракою,
з васількамі ў полі.

Прахалоду піў уранні,
як ваду з крыніцы,
захапляўся на змярканні 
шумнай навальніцай.

Першым след любіў пракласці
па грыбных сцяжынках… 
Прамільгнула тое шчасце,
як адна хвілінка.

Дзе, скажы, з табой сустрэцца?
Ты ж, відаць, не блізка, 
тое шчасце, што завецца
дарагім дзяцінствам.
Цябе няма…

Цябе няма, а мо і не было, 
прыснілася аднойчы, і не болей. 
Вясёлкай праплыла па-над сялом,
прабегла васільком па жытнім полі.

Цябе няма, а мо і не было, 
прыдумаў сам, намаляваў у марах,
каб сэрца без кахання не жыло, 
каб патанула ў пачуцця пажары.

Цябе няма, а мо і не было.
У казцы адшукаў цябе аднойчы, 
там, дзе дабро перамагае зло 
і кветка-Папараць чаруе ноччу.

Цябе няма?.. А мне – адно чакаць, 
як некалі, у сны і казкі верыць, 
вясёлку у небе дзіўную шукаць 
і сіукацца ў зачыненыя дзверы.
Веру

Не крыўдую на лес,
Што бяздушшам надломлены. 
Адракуся ад слёз
I ад думак натомленых.
Я прышпоў не адтуль,
Дзе спагадай багатыя,
Думаў: усё адмяту.
Марыў: сэрца парадую.
I пачуў у адказ:
«3 плынню цяжка змагацца,
Не прабіў яшчэ час
Твайго светлага шчасця».
Адракуся ад слёз,
Ад надзеі – не здолею,
3 ёй адзінаю рос
I не быў абяздоленым.
Веру у гэта здаўна,
Перад злом не схіляюся. 
Прыйдзе, прыйдзе вясна!
Я яе дачакаюся!
Раніцай

Звоняць косы ад рання 
на зялёных лугах, 
рос чароўнае ззянне – 
як слязінкі ў вачах.

Травастой нікне долу – 
за пракосам пракос, 
сонца промень вясёлы 
да касы як прырос.

Водар скошанай мяты 
ускружыў галаву.
На радок непрымяты 
сяду, ціха сарву
жаўтавокі рамонак.
Скажа ўсё-ткі ці не,
хоць ледзь чутна, хоць звонка,
хто кахае мяне?..

Не дабіцца прызнання.
Сум душы не суняць.
О, чароўнае ранне, 
з чым цябе параўнаць?
* * *

Нараджаецца верш, і здаецца,
Разам з ім нараджаешся сам, 
Напаўняецца музыкай сэрца, 
Усміхаецца сонца радкам.
Радасць працы і радасць натхнення – 
I жыццё, як удумлівы верш.
Стане раптам бясконцым імгненне, 
Калі толькі яш закранеш,
Ажыве, разальецца вясёлкай.
Звонкай песняй напоўніць блакіт.
I не верыцца нават, што столькі 
Прыгажосці затояць радкі. 
Нараджаецца верш, і здаецца,
Што на вуліцы зноўку вясна,
Бо сягоння маленькае сэрца 
Так пяшчотна сагрэла яна.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *