Кульбеда-Бакун Валянціна нарадзілася 2 мая 1959 г. у в. Моталь Ӏванаўскага раёна Брэсцкай вобласці.
У 1976 годзе закончыла Мотальскую СШ № 1,
у 1977 – курсы прадаўцоў пры Ӏванаўскім райспажыўсаюзе і працавала прадаўцом у магазіне роднай вёскі.
Друкавалася ў рэспубліканскіх газетах «ЛіМ», «Преображение», «Вместе!»; у абласных «Заря» і «Народная трыбуна»; раённых «Чырвоная звязда», «Навіны Камянеччыны»; у часопісе «Акно»; альманахах «Жырандоля», «Гоман літаратурны», «Талент», «Берасцейская скарбніца»; у калектыўных зборніках «За всё тебя благодарю», «Убачыць сэрцамі», «Подыхам адзіным», «Дазволь прычасціцца…», «Сіла слабасці», «Паэзія 2011», «Гаманлівае дрэва любові», «ЛітАўра». Выдала зборнікі вершаў «Гарыць над Ясельдай заранак» (2008), «I поўніцца сэрца малітвай» (2016).
То мой край
То мой край, дзе бярозы і сосны
П’юць спрадвеку вадзіцу з азёр,
Дзе вітаюць буслы свае вёсны,
Абдымаючы крыллем прастор.
Рэчка Ясельда плешчыцца ціха –
Прахалодай у спёку зіхціць…
А якія грыбныя мясціны!
Хіба ж можна ўсё гэта забыць?
Сэрца поўніць мне спеў салаўіны,
Тут – жыцця і натхнення выток.
Я ніколі цябе не пакіну,
Спаконвечны бацькоўскі куток!
Лёс
Сонейка ўстала, і мне не да сну,
Хочацца бачыць, а зроку няма.
Праца чакае, зраблю ўсё сама,
Дзень прабяжыць за хвілінку адну.
Сонца высока, а мне ўсё імгла,
Хочацца бачыць, а зроку няма.
Ўсё парабіла, пляценне ўзяла,
Пальчыкі – вочы, жыву нездарма.
Плакаць няма калі, ноч на двары,
Сніцца мне вёска і дом наш стары,
Сонейка яснае, рэчка, сады,
Сцежкі, якімі хадзіла тады.
Убачыла ўсё – адпачыла душой…
Вочы адкрыла – пакрыта ўсё мглой.
Лёс мой такі… Не мой грэх, не віна…
Бог памагае, і я не адна…
Пакорна крыж нясу
Блукала ў цемры сцежкай вузкаю,
Амаль на краі бездані была.
Я шчасце сваё кволае не ўзяла,
Ад цемры шлях шукала да святла.
I рыфмай новы выгукала лёс
Ды загаіла ў сэрцы песняй сум,
Шпурнула гора з ліхам пад адкос
I з той пары пакорна крыж нясу.
Литература:
- Кульбеда-Бакун, В. В. Палатно жыцця / Валянціна Бакун // Заря. – 1997. – 11 декабря.
- Кульбеда-Бакун, В. В. Сяброўка; Я не шкадую; Надзеі Парчук; Боль страты; Лебединая верность; Обелиск : [вершы] / Валянціна Кульбеда-Бакун // Берасцейская скарбніца : альманах. – Вып. 1. – С. 94–98 : партр.. – Брэст, 2018
- Кульбеда-Бакун, В. В. «Тчэ палатно жыцця мой лёс на кроснах» / Валянціна Бакун // Народная трыбуна. – 2000. – 14 кастрычніка.
- Кульбеда-Бакун, В. В. Ушла любовь, умчалась без возврата …; Одинокая калина : [стихотворения] / Валентина Бакун // Народная трыбуна. – 2007. – 26 мая.