Нарадзілася ў вёсцы Мачуль Столінскага раёна. Закончыла Магілёўскае педагагічнае вучылішча (1979), Магілёўскі педагагічны інстытут (1987).
З 1979 па 2018 працавала настаўніцай.
Аўтар зборнікаў паэзіі «Давер» і «Дарога ў восень». Лаўрэат Міжнароднага літаратурнага конкурсу «Сям’я – Адзінства – Айчына» (2014), літаратурнай прэміі імя У. Калесніка Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта (2017), пераможца Брэсцкага абласнога конкурсу «Духоўная веліч» (2018). Паўфіналіст Расійскага літаратурнага конкурсу «Героі Вялікай Перамогі – 2019», фіналіст літаратурнага конкурсу «Бацькаўшчына светлая мая», які праводзіла дзяржаўная тэлерадыя кампанія Рэспублікі Беларусь (2019). Вершы ўвайшлі ў калектыўныя зборнікі «Па праву жывога» (Мінск, Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2014), «Беларускі ручнік» (Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2013) і многія іншыя. Піша вершы і прозу.
Малітва перад Вялікаднем Дай, Божа, сілы выстаяць, не ўпасці, Свой страх перамагчы і з верай жыць, У час, што стаў пракляццем і напасцю, Пад ветразем надзеі мірна плыць. Дай, Божа, моцы блізкім, родным людзям, Да свята свят, каб з радасцю прыйшлі. Напоўні чысцінёй паветра грудзі, Каб лёгка дыхалі па ўсёй Зямлі. Любові нам да бліжніх дай і веру… Даруй нам, Божа, просьбы «дай ды дай»: Мы самі вінаваты ў тым, што шэрасць Закрыла створаны табою рай. Мы гэты свет псавалі як хацелі, Законы не выконвалі Твае, У храмы не спяшаліся ў нядзелю, Бо справы мелі «важныя», свае. Сучасны свет – калос, ды ногі з гліны – Раптоўна захістаўся: каб не ўпаў. Цябе, Гасподзь Магутны і Адзіны, Мы молім: Чалавецтва смерці збаў. Зямля адчула смертаносны подых, Як біты ветрам, лёгкі дзьмухавец… З малітвамі звяртаюцца народы: Прабач… Ратуй ад пошасці, Айцец.
Прысвячаю майму дзеду Супрунчыку Піліпу Ерамеевічу Дзядуля быў немалады, Калі ваенныя гады Сваім бязлітасным крылом Накрылі любы край, сяло. Руплівец, добры гаспадар, Садоўнік, земляроб, пчаляр, У хаце спачываў ён мала, Заўсёды праца рук чакала… Сазвалі партызаны збор. Ды дзе падзеўся іх дазор? Магчыма, ставілі кагось, А ён паклаўся на «авось». Дакладна я сцвярджаць не буду, Але, відаць, у вёсцы жыў Іуда, Што ворагам данёс пра сход. Загаласіў бы кожны род, Бо трапным стаў бы ўсякі стрэл, Накіраваны ў гушчу цел. На месцы – смерць ці смерць ад раны… Палеглі б тут і партызаны… Дзядуля не пайшоў на сход: «Я лепш агледжу агарод. Нядзеля. Сёння не працуем. Навіны я пазней пачую, Паўліна ўсё раскажа потым І дзеці. Слухаць – не работа». Прайшоў, праверыў па парадку З цыбуляй, з бурачкамі градкі… І раптам: Божа, барані! Там незнаёмец на кані! Іх многа ў шэрых шынялях Кіруюць на мясцовы шлях! Ляцеў маланкай да паселі, На жонку закрычаў: «Застрэляць!» Усе рванулі хто куды Далей, хутчэй, ад той бяды! Цяпер стаяць! Чакаць прысуд, У Госпада маліць пра цуд. Як сэрца б’е балюча ў грудзі, Застылі на дарозе людзі, Адчай на тварах – чорным ценем, Мацуецца душа маленнем… Страляюць толькі ў бок рачулкі! Народ – дадому па завулках. Сышлі за Моўству партызаны… Жывыя ўсе, не расстраляны… Ніколі не хваліўся дзед. І чым хваліцца? Не Сусвет Збярог. Уратаваў ад куляў Людзей у вёсачцы Мачулі.
Асеннія адчуванні Выйшла восень на спатканне: Туманок каля ракі, Будзіць цішыню світання Сумны шэпат асакі. Запаліла дрэвы-свечкі: Дзе-нідзе гарыць бурштын, У лясочку на ўзмежку Чырвань тоіцца калін. Баравік застыў уранку, Прыхаваўся ў верасах. За нябесную фіранку Птахаў пралягае шлях. Крык панылы ў паднябессі… Позірк кідаем услед: Да вясны сціхаюць песні, Да вясны бяднее свет. У прыродзе – адцвітанне, У душы – спакой і ціш, Бо нічога не чакаеш І нясеш з пакорай крыж. Гэтак і сама прырода… Ёй назад дарог няма… І праходзяць год за годам Лета, восень і зіма. Дзён мільгаюць лістапады. І не толькі дзён – гадоў. Ды жыве ў сэрцы радасць – Смак атрыманых пладоў.
Святы дзень Бялюткі снег у іскрах сонца, А з поўдня плачуць капяжы. Як дзіўна: прыгажосць – бясконца, Цудоўнаму няма мяжы. Блакіт крыштальны, пух аблокаў… Паветра свежасць, чысціня… Сустрэнеш радасць з кожным крокам У велічы святога дня. Да неба цягнуцца вяршыні – Парэпаныя рукі дрэў, Яны ўздымаюць у вышыні Маўклівую малітву-спеў. Навыварат душа, не можа Трымаць Сусвет сама ў сабе. У ёй, з благаславеннем Божым, Не знойдзецца кутка журбе. Сыходзіць дзень. На развітанне Паболей рупіцца мароз. Кладзецца сінявой змярканне На пасмы доўгія бяроз.
Ягадныя сцежкі лета Цераз Моўству – пераправа. Перашкодаю – разліў. Каб на бераг трапіць правы, Хтосьці ехаў, хтосьці плыў. Сонца ўсмешкаю ласкавай, Несучы алмазы рос, Абсыпае імі травы, Дрэвы, кветкі, вербалоз. Ля валошкавых узмежкаў, Між сінеючых азёр Пракладае лета сцежкі У стары далёкі бор. Каля воблакаў з рамонкаў Пралягае гэты шлях… Там, у соснах стройных гонкіх, Багуну захмеліць пах. Час не трацячы ў забавах, Нават дзеці – голаў ніц: У бітончык сыплюць жвава Жмені поўныя чарніц. Чарнатою спелых ягад Падфарбуеш рукі, рот… Сонца адвядзе на захад Дзень, што доўжыцца, як год.
Литература:
- Бабарыка, Г. С. Давер : вершы / Галіна Сідараўна Бабарыка ; [аўтар прадмовы Л. Дранько-Майсюк]. – Пінск : Пінская рэгіянальная друкарня, 2004. – 71
- Бабарыка, Г. С. Дарога ў восень : зборнік вершаў / Галіна Бабарыка ; [аўтар прадмовы А. Крэйдзіч]. – Брэст : Альтернатива, 2015. – 131 с. – Змест: цыклы: Вечны скарб ; Напамін ; Здзіўлены восеньскім маем ; Пазначаны словамі-песнямі маці ; Букет пажаданняў ; Паэтычная асака.
- Бабарыка, Г. С. Беларусь; Рыцарам мовы : [вершы; біяграфія] / Галіна Бабарыка // Берасцейская скарбніца : альманах . Вып. 1. / рэдактар-укладальнік С. С. Мартынюк. – Брэст : Альтернатива, 2018. – С. 13 – 15.
- Бабарыка, Г. С. Бацька : [апавяданне] / Галіна Бабарыка // Берасцейская скарбніца : альманах. Вып. 1. – Брэст : Альтернатива, 2018. – С. 130–133.
- Бабарыка, Г. С. «Заблудзіла дзяцінства ў тумане…» ; Дрэвы : [вершы] / Галіна Бабарыка // Заря. – 2020. – 27 июня (№ 52). – С. 18.
- Бабарыка, Г. С. За вясной – вясна : [верш] / Галіна Бабарыка // Заря. – 2020. – 4 апреля (№ 28). – С. 15.
- Бабарыка, Г. С. Святасць вады ; Храмы-витязи – окрест… : [вершы] / Галіна Бабарыка // Заря. – 2020. – 15 февраля (№ 14). – С. 16.
- Бабарыка, Г. С. Паспачуваў : [апавяданне] / Галіна Бабарыка // Вожык. – 2020. – № 1. – С. 7.
- Бабарыка, Г. С. «Восень развітацца не спяшае…» : [верш] / Галіна Бабарыка // Заря. – 2019. – 16 ноября (№ 91). – С. 16.
- Бабарыка, Г. С. Хлеб; Развітанне і сустрэча : [вершы] / Галіна Бабарыка // Заря. – 2019. – 28 сентября (№ 77). – С. 14.
- Бабарыка, Г. С. Яшчэ далёка да вясны ; Прадвесне : [вершы] / Галіна Бабарыка // Літаратура і мастацтва. – 2019. – 15 сакавіка (№ 11). – С. 8.
- Бабарыка, Г. С. Фіранкі зімы ; Святы дзень : [вершы] / Галіна Бабарыка // Заря. – 2019. – 16 февраля (№ 14). – С. 16.
- Бабарыка, Г. С. Агеньчыкі нашага дзяцінства ; Абуджэнне роднага краю : [апавяданне, верш] / Галіна Бабарыка // Маладосць. – 2019. – № 1. – С. 139–140.
- Бабарыка, Г. Завейны час : [верш] / Галіна Бабарыка // Заря. – 2019. – 5 января (№ 2). – С. 15.
- Бабарыка, Г. Зімовы роздум : [верш] / Галіна Бабарыка // Заря. – 2018. – 15 декабря (№ 121). – С. 14.
- Бабарыка, Г. С. Матывы Моўствы : зборнік вершаў / Галіна Бабарыка. – Брэст : Альтернатива, 2021. – 150 с.